Пошук

Папа служачым Ватыкана: Божы стыль – любоў, спачуванне і пяшчота

У сям'і знешнасць і маскі не маюць значэння, галоўнае, каб не зніклі любоў, пяшчота і спачуванне, - пажадаў Папа супрацоўнікам Дзяржавы Ватыкан і іх сем'ямі падчас сустрэчы з нагоды Божага Нараджэння, якая прайшла 21 снежня 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што сумеснае сузіранне таямніцы нараджэння Езуса дазваляе нам зразумець стыль Бога, не грандыёзны ці шумны, а, наадварот, стыль хавання і драбніцы. На думку Францішка, гэтыя два словы добра характарызуюць міласць Бога, які прыходзіць у свет не для таго, каб запалохаць нас сваёй веліччу, а каб стаць адным з нас.

Бог хаваецца ў драбніцы: Дзіцятка Езус нараджаецца ў беднасці, у стайні, у сужэнскай пары Марыі і Юзафа, для якой не знайшлося месца для начлегу. “Гэта прыкметы Сына Божага, які з'явіўся на свет як маленькае насенне, якое памрэ, схаванае ў зямлі, каб прынесці плён. Ён –Бог малых і апошніх, і разам з Ім мы вучымся таму, як увайсці ў Валадарства Божае: не з дапамогай знешняй і штучнай рэлігійнасці, а становячыся маленькімі, як дзеці”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ватыканскім служачым добра знаёмы сэнс слоў хаванне і драбніца. Іх штодзённая праца ў Ватыкане часта праходзіць непрыкметна і можа здавацца нязначнай, але, тым не менш, спрыяе служэнню Касцёлу і грамадству. Папа падзякаваў за гэта супрацоўнікам і пажадаў працягваць працу з удзячнасцю і пакорай, даючы хрысціянскае сведчанне ў адносінах з калегамі. “Дабро, нават калі яно схаванае і нябачнае, бясшумна расце, нечакана памнажаецца і распаўсюджвае пах радасці”, - запэўніў Святы Айцец.

Святы Айцец пажадаў сем'ям і дзецям ватыканскіх служачых таксама прытрымлівацца гэтага стылю хавання і драбніцы. “Сёння мы жывем у час, апантаны знешнім выглядам. Кожны спрабуе прадэманстраваць сябе, асабліва праз так званыя сацыяльныя сеткі”, - папярэдзіў Францішак, дадаючы, што “ў сям'і знешнасць і маскі не маюць значэння”, галоўнае, каб не зніклі любоў, пяшчота і спачуванне.

Папа заахвоціў гасцей “быць уважлівымі ў сваіх дамах і сем'ях да паўсядзённых дробязяў, да маленькіх жэстаў падзякі, да праяў клопату”. “Гледзячы на батлейку, мы можам уявіць сабе клопат і пяшчоту Марыі і Юзафа да Дзіцятка. Я хачу пажадаць вам гэтага стылю. Божы стыль – гэта блізкасць, спачуванне і пяшчота”, - сказаў Святы Айцец, віншуючы з Калядамі ўсіх ватыканскіх супрацоўнікаў, іх дзяцей, членаў сямей, пажылых і хворых сваякоў.

“Давайце адкрыем нашы сэрцы для радасці: Пан ідзе да нас! Віншую ўсіх з Божым Нараджэннем! Калі ласка, маліцеся за мяне”, - такімі словамі завяршыў свой зварот Пантыфік.

21 снежня 2023, 11:11