Пошук

Пантыфік ваенным лётчыкам: няхай ваша служэнне спрыяе міру

Напярэдадні літургічнага ўспаміну Маці Божай Ларэтанскай, апякункі лётчыкаў, Францішак прыняў дэлегацыю Ваенна-паветраных сіл Італіі, якія сёлета святкуюць 100-годдзе з дня заснавання.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Паглядзець на гісторыю ваеннай авіяцыі можна з розных перспектыў: навуковага прагрэсу, служэння, а таксама клопату пра чалавецтва, - адзначыў Святы Айцец, падчас аўдыенцыі, якая прайшла 9 снежня 2023 года ў Ватыкане.

Францішак заўважыў, што прагрэс, які прынёс з сабой таксама цяжкасці і пасткі, асаблівым чынам закрануў авіяцыю, дазволіўшы дасягаць нават касмічнай прасторы. “І тут варта адзначыць, што даследаванні, інавацыі, новыя тэхналогіі ніколі не павінны быць падпарадкаваны пошуку ўлады ці шкоднаму выкарыстанню, але заўсёды павінны быць скіраваны на цэласнае дабро чалавека, на развіццё ўсіх народаў, на большую справядлівасць. Няхай на гэтым шляху ваша служэнне як і раней застаецца каштоўным служэннем міру”, - пажадаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што служэнне ваенных лётчыкаў эвалюцыяніруе. Напачатку прысутнасць вайскоўцаў была неабходнай у трагічныя часы вайны, але зараз яны бываюць задзейнічаны ў розных кантэкстах: гарантуюць бяспеку палётаў і дапамогу, супрацоўнічаюць з міжнароднымі арганізацыямі ў гуманітарных і міратворчых місіях, падтрымліваюць менш аснашчаныя і бедныя краіны ў пераадоленні наступстваў цяжкіх прыродных катаклізмаў, дапамагаюць падчас надзвычайных эпідэмічных сітуацый, займаюцца эвакуацыяй грамадзян, якія апынуліся ў складанай сітуацыі за мяжой, перавозяць прадстаўнікоў уладаў. “Дзякуючы гэтай дзейнасці, якая робіць вам гонар, разумеецца маштаб вашага служэння Айчыне, пашыраны на ўсю чалавечую сям’ю”, - сказаў Папа.

“Вы абараняеце, прымаеце, дапамагаеце і служыце людзям, падтрыманыя таксама служэннем капеланаў”, - адзначыў Францішак, нагадваючы пра фармацыйныя праграмы Ваенна-паветраных сіл, перадачу імі спадчыны культуры і каштоўнасцей, якая дазваляе захоўваць тоеснасць людзей, якія служаць дзяржаве і грамадзянам, а таксама пра гатоўнасць лётчыкаў самаахвярна дапамагаць у складаных сітуацыях, часам ахвяруючы ўласным жыццём, як трынаццаць італьянскіх вайскоўцаў, забітых у 1961 годзе ў Конга, пры выкананні гуманітарнай місіі пад эгідай ААН.

“У наш час, калі чалавецтва змучана жудаснымі канфліктамі, захаванне гэтага чалавечага багацця з’яўляецца найлепшай гарантыяй таго, што вашы намаганні заўсёды будуць скіраваны на абарону жыцця, справядлівасці і міру”, - сказаў Папа, давяраючы лётчыкаў заступніцтву іх нябеснай апякункі – Маці Божай Ларэтанскай, літургічны ўспамін якой будзе адзначацца 10 снежня.
 

09 снежня 2023, 10:24