Пошук

Папа заахвоціў дабрачынцаў працягваць клапаціцца пра хворых

Без страху прымаць Божыя планы і працягваць клапаціцца пра слабых і безабаронных заклікаў Францішак прадстаўнікоў дабрачыннай арганізацыі UNITALSI, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 14 снежня 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Заснаваны 120 гадоў таму назад Італьянскі нацыянальны саюз транспартавання хворых у Лурд і міжнародныя санктуарыі (UNITALSI) аб'ядноўвае хворых і іх сем'і, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, валанцёраў, санітараў, медыцынскіх работнікаў, моладзь і святароў.

У сваёй прамове Папа заклікаў гасцей не стамляцца ісці супраць плыні – суправаджаць, клапаціцца і абвяшчаць Евангелле – у грамадстве, якое маргіналізуе і адкідвае слабых. На юбілейным лагатыпе арганізацыі адлюстраваная Багародзіца, а таксама такія сімвалы пілігрыма, як кій і сандалі. На думку Францішка, яны служаць “запрашэннем захаваць дух пілігрымкі, адухоўлены Евангеллем, і скіраваць свой позірк да Марыі”.

Пілігрымкі – гэта бальзам на раны многіх людзей з абмежаванымі магчымасцямі, хворых, пажылых, тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Яны спрыяюць захаванню годнасці кожнага чалавечага жыцця, у тым ліку і жыцця, пазначанага хваробай, слабасцю і пакутамі. У пілігрымах адлюстроўваецца аблічча Хрыста, Які ўзяў на сябе нашы немачы, каб напоўніць нас сілай Уваскрасення.

Пілігрымка нясе ў сабе каштоўнасці ветлівасці, гасціннасці, салідарнасці. Аб'ядноўваючы здаровых і хворых, пажылых і маладых, духавенства і свецкіх, дабрачынныя ініцыятывы UNITALSI становяцца жывым знакам Касцёла, які нікога не пакідае ззаду, Касцёла, як "палявога шпіталя", які, як Добры Самаранін, падыходзіць са спачуваннем і перавязвае раны, паліваючы алеем і віном, (пар. Лк 10,34). Святы Айцец заахвоціў дабрачынцаў заўсёды захоўваць гэты стрыманы і ласкавы стыль.

Францішак падкрэсліў, што адначасова з суправаджэннем хворых арганізацыя выконвае працу па евангелізацыі і апостальству. Яна робіць гэта sine glossa, з дапамогай фактаў, прыкладаў, абвяшчэння. Папа пажадаў гасцям, каб Слова Божае заўсёды падтрымлівала іх на шляху, каб яны не вагаліся, нават калі дарога цяжкая, а сілы, здаецца, сканчаюцца.

Святы Айцец пажадаў італьянскім дабрачынцам даверыцца Марыі, чые абдымкі часта з'яўляюцца мэтай іх пілігрымак. Ён падзякаваў гасцям за тое, што прынеслі на аўдыенцыю скульптуру Маці Божай Лурдскай. У рамках арганізаванай UNITALSI італьянскай пілігрымкі яна наведала тысячы людзей у касцёлах, шпіталях, дамах састарэлых, турмах. “Няхай Маці пілігрымаў у веры і надзеі суправаджае крокі вашай арганізацыі”, - пажадаў напрыканцы прамовы Францішак.

14 снежня 2023, 11:38