Пошук

Газа. Ілюстрацыйнае фота Газа. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа заклікаў спыніць вайну, якая спусташае Святую Зямлю

Францішак асудзіў напад ізраільскіх вайскоўцаў на каталіцкую парафію Святой Сям'і ў Газе. "Гэта вайна, гэта тэрарызм”, - сказаў ён 17 снежня 2023 года пасля малітвы Анёл Панскі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся да вернікаў, якія сабраліся на плошчы святога Пятра ў трэцюю нядзелю Адвэнту, Пантыфік нагадаў пра драму тысяч мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы джунглі на мяжы Калумбіі і Панамы. “Часта гэта сем'і з дзецьмі, якія адпраўляюцца ў небяспечны шлях, ашуканыя тымі, хто ілжыва абяцае ім кароткае і бяспечнае падарожжа. Яны падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню і рабаванню. Не мала людзей гіне ў гэтых джунглях”, - адзначыў Святы Айцец, заклікаючы краіны і міжнародную супольнасць не замоўчваць гэтую трагічную рэальнасць і адрэагаваць на яе.

Пантыфік таксама заклікаў да спынення вайны, якая спусташае Святую Зямлю, і асабліва маліўся за хрысціян каталіцкай парафіі Святой Сям'і ў Газе. Па словах Папы, ён працягвае атрымліваць трывожныя навіны з Газы, дзе "бяззбройныя мірныя жыхары становяцца аб'ектамі бамбардзіровак і абстрэлаў".

Францішак асудзіў напад на парафію, "дзе няма тэрарыстаў, а ёсць сем'і, дзеці, хворыя, інваліды, манахіні". 16 студзеня 2023 года там былі забітыя снайперамі дзве жанчыны, некалькі чалавек атрымалі раненні. “Гэта вайна. Гэта тэрарызм," - сказаў Святы Айцец, заклікаючы вернікаў маліць Пана аб міры.

Папа таксама нагадаў пра людзей у розных кутках свету, якія пакутуюць з-за вайны: "Давайце не будзем забываць пра нашых братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад вайны ва Украіне, у Палесціне, у Ізраілі і ў іншых зонах канфліктаў. Няхай набліжэнне Божага Нараджэння ўмацуе нас у імкненні адкрыць мірныя шляхі", - пажадаў Францішак.

Напрыканцы звароту Францішак прывітаў рымскіх дзяцей і падлеткаў, якія прынеслі на плошчу святога Пятра фігуркі Дзіцятка Езуса, благаслаўляючы як вернікаў, так і статуэткі бамбінэлі. Святы Айцец папрасіў іх маліцца перад яслямі за дзяцей, якія вымушаныя сустракаць Божае Нараджэнне “ў месцах ваенных дзеянняў, у лагерах бежанцаў, у сітуацыях, звязаных з вялікімі пакутамі”.

Благаслаўленне фігурак Дзіцятка Езуса на ватыканскай плошчы
Благаслаўленне фігурак Дзіцятка Езуса на ватыканскай плошчы
17 снежня 2023, 13:29