Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец звярнуўся да спецыялістаў у кананічным праве

У аснове кананічнага і грамадзянскага права ляжыць асоба, асаблівасцю ж кананічнага права з'яўляецца чалавек як адкуплены ў Хрысце, як верны ў Касцёле, - нагадаў Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

1 снежня 2023 года Папа скіраваў пасланне да Міжнароднай асацыяцыі садзейнічання вывучэнню кананічнага права (Fondazione della Consociatio Internationalis Studio Iuris Canonici Promovendo), якая святкуе 50-годдзе з дня заснавання. Яна ўзнікла і развівалася з мэтай аб’яднання спецыялістаў у галіне кананічнага права з касцёльных і грамадзянскіх універсітэтаў з розных частак свету.

“Праз законы і Касцёл, і грамадзянская супольнасць імкнуцца да агульнага дабра; аднак у Касцёле гэта не толькі знешні парадак, які дазваляе асобе выконваць свае абавязкі і карыстацца сваімі правамі, але выраз прысутнасці Хрыста Збаўцы, унутраная рэальнасць ласкі, якая з’яўляецца агульным дабром менавіта таму, што належыць кожнаму верніку”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Народ Божы жыве ў гісторыі, таму яго формы жыцця і арганізацыі не могуць быць нязменнымі, дадаў Папа. І тут спецыялістам у кананічным праве важна распазнаць, “як перавесці волю Хрыста адносна Касцёла, які павінен заставацца ў часе, у формы, што спрыяюць выкананню місіі, атрыманай ад яго Заснавальніка: абвяшчаць Евангелле збаўлення ўсім народам”.

“Усе касцёльныя вымярэнні і структуры павінны ажыццяўляць душпастырскае і місійнае навяртанне, каб несці свету адзінае, у чым ён мае патрэбу: Евангелле міласэрнасці Езуса. Кананічнае права таксама надзелена гэтым мандатам, які Настаўнік даў свайму Касцёлу, таму неабходна, каб яно было больш душпастырскім і місійным”, - лічыць Францішак.

Ён патлумачыў, што тут не ідзе гаворка аб адмове ад норм, проста пры іх прымяненні трэба сачыць за тым, “каб хрысціяне знаходзілі ў іх прысутнасць міласэрнага Езуса, Які не асуджае, але заклікае больш не грашыць, бо Ён дае ласку”.

“Нават калі да чалавека, які здзейсніў вельмі сур'ёзнае злачынства, неабходна прымяніць суровае пакаранне, Касцёл, які з'яўляецца маці, павінен прапанаваць яму неабходную дапамогу і духоўную падтрымку, каб у пакаянні ён мог сустрэць міласэрнае аблічча Айца”, - звярнуўся Папа да спецыялістаў у касцёльным заканадаўстве.
 

01 снежня 2023, 12:38