Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: клопат аб экалогіі патрабуе культурных змен

Пра сувязь паміж правамі чалавека і клопатам пра людзей і стварэнне нагадалі падчас спецыяльнага мерапрыемства ў сядзібе ААН у Жэневе прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З нагоды 75-годдзя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і прэзентацыі Апостальскай адгартацыі Папы Францішка аб кліматычным крызісе Laudate Deum Святы Пасад правёў сустрэчу высокага ўзроўню, падчас якой закраналіся пытанні, звязаныя з паўсюднасцю правоў чалавека і адказнасцю за клопат пра стварэнне.

Арцыбіскуп Эторэ Балестрэра, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Жэневе, падкрэсліў, што “правы чалавека караняцца ў годнасці чалавека, створанага Богам”. Ён звярнуў увагу на важнасць характару ўзаемасувязяў для будучыні планеты. “Мы пакліканы жыць справядлівасцю ў адносінах з Богам, паміж сабой, з самімі сабой і ўсім стварэннем, нашым супольным домам”, - сказаў іерарх.

Папскі дыпламат звярнуў асаблівую ўвагу на пагрозы для права чалавека на жыццё. “Права на жыццё, замацаванае 3 артыкулам Усеагульнай дэкларацыі, павінна абараняцца на ўсіх этапах, ад зачацця да натуральнай смерці, асабліва калі жыццё чалавека знаходзіцца ва ўразлівай сітуацыі: у хваробе або немачы, у канфліктах і войнах, на працоўным месцы і на шматлікіх дарогах нашага свету, па якіх людзі ўцякаюць ад канфліктаў, прыродных катастроф і наступстваў кліматычных змен”, - зазначыў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.

Арцыбіскуп Балестрэра нагадаў перасцярогу Папы адносна таго, што рэакцыя міжнароднай супольнасці на кліматычны крызіс “не была належнай, у той час, калі свет, у якім жывём, разбураецца і можа быць блізкім да кропкі незвароту”.

На сувязь паміж экалагічнай адказнасцю і сацыяльнай справядлівасцю падчас сустрэчы ў сядзібе ААН звярнула ўвагу таксама сястра Алесандра Смерылі, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Яна падкрэсліла, што правы чалавека і захаванне стварэння – гэта “два бакі аднаго медаля”. “Ёсць глыбокая і непасрэдная сувязь паміж клопатам пра нашых братоў і сясцёр і клопатам пра зямлю: яны грунтуюцца на прызнанні жыцця Божым дарам”, - сказала законніца.

Вызначаючы экалагічны крызіс як крызіс культуры, яна падкрэсліла неабходнасць культурнай змены праз асабістае навяртанне. Прадстаўніца Святога Пасаду нагадала пра патрэбу ў развіцці шматбаковай дыпламатыі і пашырэнні ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў вырашэнні сацыяльных і экалагічных праблем. Яна заклікала міжнародную супольнасць прыняць на сябе маральную адказнасць за новыя пакаленні і свет, які будзе ім перададзены.
 

11 снежня 2023, 09:36