Пошук

Айцец Жак Амель Айцец Жак Амель  

Францішак: айцец Амель – святло супраць блюзнерскага гвалту

Важную ролю інфармацыі ў пабудове больш братэрскага грамадства падкрэсліў Францішак у пасланні з нагоды цырымоніі ўручэння журналісцкай Прэміі імя Жака Амеля, французскага святара, забітага ў 2016 годзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папскае пасланне да ўдзельнікаў 27-й Міжнароднай сустрэчы журналістаў ва ўспамін святога Францішка Сальскага, якая прайшла ў марыйным санктуарыі ў Лурдзе, зачытаў арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ, апостальскі нунцый у Францыі.

"Пажылы святар, добры, мілы, братэрскі і міралюбівы, перад тварам дзікага і сляпога гвалту, развязанага ў імя Бога" – такі партрэт айца Жака Амеля склаў Францішак у пасланні з нагоды ўручэння прэміі імя гэтага святара, па-варварску забітага ў касцёле горада Сэнт-Эцьен-дзю-Рупрэ. Сёлетнюю ўзнагароду атрымалі дзве журналісткі: канадка Сара-Крысцін Бурыян і італьянка Раміна Гоба.

Заклік выхоўваць сумленне

Францішак нагадаў пра важнасць распаўсюджвання "гэтага незаменнага сведчання”, каб яно магло стаць"проціяддзем ад празмернасцяў гвалту, нецярпімасці, нянавісці і непрымання іншага, якія, на жаль, усё часцей назіраюцца ў нашым грамадстве". Ён падкрэсліў актуальнасць гэтай узнагароды, праз амаль 7 гадоў пасля жорсткага забойства святара, якое 26 ліпеня 2016 года здзейснілі двое ісламскіх экстрэмістаў. Узнагарода, накіраваная на спрыянне міру і міжрэлігійнаму дыялогу, "з'яўляецца выдатным сродкам заахвочвання, падтрымкі і ўзнагароджання тых, хто працуе над пабудовай больш братэрскага свету, паважаючы перакананні кожнага чалавека". Менавіта таму прафесія журналіста закліканая ўдзельнічаць “у выхаванні сумлення, асабліва маладога пакалення".

Насілле ў імя Бога – блюзнерства

У наш час гэтая задача ўскладняецца распаўсюджваннем "наўмысна ілжывай інфармацыі, накіраванай на тое, каб нацкаваць людзей адзін на аднаго. Яна з даверлівасцю ўспрымаецца людзьмі, якія страцілі здольнасць крытычнага распазнавання", - напісаў Папа, перасцерагаючы аб тым, што гэта спрыяе радыкалізацыі, “асабліва ў некаторых рэлігійных групах, якія ў канчатковым выніку прапаведуюць гвалт у імя Бога, што з'яўляецца блюзнерствам. Вось чаму праўда з'яўляецца важным патрабаваннем да журналісцкай працы на службе міжканфесійнаму дыялогу".

Быць праўдзівымі і сапраўднымі

Па словах Святога Айца, шлях наперад вынікае з павагі да чытача і заключаецца "абвяшчэнні праўды пра тое, хто мы ёсць, у што мы верым, і сумленным пошуку таго, кім з'яўляюцца іншыя і ў што вераць яны, гэта з'яўляецца незаменнай асновай для таго, каб жыць у братэрстве і павазе да адрозненняў". Францішак заклікаў журналістаў заўсёды быць "праўдзівымі і сапраўднымі, як у чалавечых адносінах, так і ў інтэлектуальных пошуках"; паглыбляць веру і дапамагаць у гэтым падарожжы чытачам, абапіраючыся на Евангелле, інфармаваць людзей, “пазбягаючы стэрэатыпаў і валодаючы часта неабходнай мужнасцю, каб асудзіць памылкі і недапушчальныя адхіленні, асабліва калі яны парушаюць чалавечую годнасць і братэрства".

28 студзеня 2024, 10:24