Пошук

Францішак касцёльным журналістам: людзі шукаюць Бога праз вас

“Таксама людзі нашага часу прагнуць Бога, шукаюць сустрэчы з Ім і робяць гэта, у тымі ліку, праз вас”, - запэўніў Святы Айцец каталіцкіх журналістаў, якіх прыняў 12 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа сустрэўся з удзельнікамі сімпозіўма, прысвечанага камунікацыі ў Касцёле, які быў арганізаваны Канферэнцыяй Біскупаў Францыі. У ім бралі ўдзел адказныя за камунікацыю ў розных каталіцкіх дыяцэзіях, манаскіх супольнасцях, рухах, асацыяцыях, групах і парафіях.

Святы Айцец уручыў сваім гасцям тэкст прамовы, у якой звярнуў увагу на важнасць момантаў узаемнага дзялення, малітвы і слухання для добрай камунікацыі, “каб нанава адшукаць карані таго, што мы перадаём, праўды, якую пакліканы сведчыць, адзінства, якое лучыць нас у Езусе Хрысце”. Гэта дапамагае таксама не закрывацца “ў нашых страхах і амбіцыях”, не спадзявацца ва ўсім на тэхналагічны прагрэс.

Пантыфік адзначыў важнасць камунікацыі ад сэрца і бачання сэрцам таго, што не бачаць іншыя, каб дзяліцца гэтым, змяняючы перспектыву і катэгорыі, з якімі глядзіць свет. “Для нас камунікаваць значыць знаходзіцца ў свеце, беручы на сябе цяжар іншага, іншых, і рабіць усё для іх”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы журналістаў глядзець на падзеі з хрысціянскага пункту гледжання, не паддавацца культуры агрэсіі і паклёпу, будаваць сеткі дзялення тым, што добрае, праўдзівае, прыгожае і складаецца з шчырых адносін, уключаючы ў камунікацыю моладзь.

Святы Айцец звярнуў увагу работнікаў касцёльных СМІ на важнасць сведчання. “Не бойцеся дзяліцца праз камунікацыю ўсім дабром, якое ёсць у вашых дыяцэзіях, кангрэгацыях, рухах. Не бойцеся будаваць праз камунікацыю адзінства ў Касцёле і братэрства ў свеце. Будзьце крэатыўнымі. Будзьце адкрытымі. Грамадства хоча і патрабуе слова Касцёла, як Маці, што любіць усіх”, - адзначыў ён.

Францішак заклікаў сваіх гасцей з мужнасцю, пакорай і прафесійнасцю дзяліцца радасцю Евангелля і любоўю, якая дазваляе пазнаць Бога і зразумець свет. “Таксама людзі нашага часу прагнуць Бога, шукаюць сустрэчы з Ім і робяць гэта, у тымі ліку, праз вас”, - запэўніў журналістаў Пантыфік.

Папа заахвоціў сваіх гасцей мець шырокі позірк, скіраваны далёка наперад. Пасярод нараканняў на наш час, няздольнасці бачыць галоўнае, з крэатыўнасцю, якая нараджаецца з любові распавядайце пра тое, што нас яднае нас значна большае за тое, што дзеліць.
 

12 студзеня 2024, 12:02