Пошук

Францішак: прагнасць нажывы прыносіць разбурэнні

Прагнасць знішчае, а братэрства будуе, - нагадаў Святы Айцец 19 студзеня 2024 года падчас сустрэчы з дэлегацыяй паўночнаітальянскай дыяцэзіі Белуна-Фельтрэ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Аўдыенцыя была прымеркавана да 60-годдзя трагедыі на рацэ Ваён, калі ў выніку апоўзня разбурылася вялікая плаціна і магутная хваля вады сцерла з аблічча зямлі цэлыя населеныя пункты. У выніку катастрофы загінулі каля 2 тысяч чалавек.

Пантыфік высока адзначыў салідарную дзейнасць супольнасці дыяцэзіі Белуна-Фельтрэ, накіраваную на пераадоленне наступстваў трагедыі і аднаўленне жыцця ў рэгіёне. Ён заўважыў, што прычынай катастрофы былі не памылкі ў праектаванні ці будаванні, але сам факт узвядзення штучнага бар’ера ў памылковым месцы.

“І ўсё гэта чаму? – У канчатковым рахунку таму, што логіка прыбытку была пастаўлена вышэй за клопат пра чалавека і асяроддзе, у якім ён жыве; так што, калі ваша хваля надзеі кіравалася братэрствам, гэтая хваля, якая прынесла гора, была выклікана прагнасцю. Прагнасць знішчае, а братэрства будуе”, - сказаў Святы Айцец.

“Я не стамляюся паўтараць, што клопат пра стварэнне – гэта не проста экалагічны фактар, але антрапалагічнае пытанне: яно звязана з жыццём чалавека, такім, якім яго задумаў і даў Стварыцель, і датычыць будучыні ўсіх, глабальнага грамадства, у якое мы занураныя”, - дадаў Пантыфік.

Францішак адзначыў важнасць клопату пра навакольнае асяроддзе ў наш час, калі супольны дом разбураецца па той жа самай прычыне: “з-за прагнасці нажывы, апантанасці выгадай і валоданнем, якая, здаецца, прымушае чалавека адчуваць сябе ўсемагутным”. “Але гэта вялікі падман, бо мы – стварэнні і наша прырода кліча нас дзейнічаць у свеце з павагай і клопатам, не адмаўляючы, а захоўваючы пачуццё межаў, якое не азначае прыніжэння, а з’яўляецца магчымасцю для паўнаты”, - сцвердзіў Папа.

Пантыфік звярну ўвагу на патрэбу ў “сузіральным і паважлівым позірку”, які меў на прыроду святы Францішак Асізскі, каб “распазнаць прыгажосць стварэння і быць здольнымі даваць усяму належны парадак, каб перастаць знішчаць асяроддзе смяротнай логікай прагнасці і па-братэрску супрацоўнічаць на карысць развіцця жыцця”.
 

19 студзеня 2024, 12:06