Пошук

Аўдыецыя для арцыбіскупа Георга Генсвайна і Memores Domini Аўдыецыя для арцыбіскупа Георга Генсвайна і Memores Domini 

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі арцыбіскупа Генсвайна

Святы Айцец прыняў на прыватнай аўдыенцыі арцыбіскупа Георга Генсвайна, былога прэфекта Папскага дома і асабістага сакратара Бэнэдыкта XVI. Сустрэча адбылася 3 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Нямецкага іерарха суправаджалі чатыры Memores Domini, кансэкраваныя свецкія верніцы, якія на працягу амаль дзесяці гадоў дапамагалі Папу-эмерыту ў ватыканскім кляштары Mater Ecclesia, дзе ён пражываў пасля адстаўкі з пасады Біскупа Рыма ў 2013 годзе.

67-гадовы арцыбіскуп Генсвайн у цяперашні час пражывае ў Фрайбургу, у Германіі, не займаючы ніякай афіцыйнай пасады ў Касцёле. Ён прыбыў у Ватыкан з нагоды першай гадавіны смерці Бэнэдыкта XVI. 31 снежня 2023 года іерарх цэлебраваў літургію ў базіліцы святога Пятра, падчас якой заклікаў дзякаваць Богу “за дар жыцця, багацце навучання, глыбіню тэалогіі” Ёзэфа Ратцынгера.

Папа Францішак таксама згадаў пра Бэнэдыкта XVI у гэты дзень. Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі Святы Айцец нагадаў, што яго папярэднік служыў Касцёлу з любоўю і мудрасцю. “Мы адчуваем да яго вялікую любоў, вялікую ўдзячнасць і вялікае захапленне. Няхай ён благаслаўляе і суправаджае нас з неба”, - дадаў Пантыфік.
 

04 студзеня 2024, 09:31