Францішак журналістам: падтрымліваць раззбраенне мовы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
4 студзеня 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Таварыства каталіцкіх публіцыстаў Германіі (Gesellschaft Katholischer Publizisten Deutschlands). Нагодай для сустрэчы стала 75-годдзе з дня заснавання гэтага аб’яднання нямецкіх журналістаў, якія працуюць у розных касцёльных і свецкіх СМІ.
“Камунікацыя дапамагае, як кажа апостал Павел, быць “членамі адзін аднаго”, пакліканымі жыць у адзінстве ўсярэдзіне сеткі адносін, якая пастаянна пашыраецца. Гэта вельмі важна ў Касцёле, дзе сувязь з паўсюднасцю развіваецца і гарманізуецца асаблівым чынам праз служэнне наступніка Пятра”, - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак заўважыў, што асацыяцыя нямецкіх журналістаў-католікаў садзейнічае экуменізму, міжрэлігійнаму дыялогу, абароне міру, свабоды і чалавечай годнасці. “Гэтыя мэты як ніколі актуальныя! Колькі канфліктаў сёння, замест таго, каб гасіцца дыялогам, распальваюцца ілжывымі навінамі ці падбухторваючымі заявамі, якія праходзіць праз СМІ! Таму, яшчэ больш важна, каб вы, моцныя ў вашых хрысціянскіх каранях і ў веры, якой штодзённа жывецё, з “дэмілітарызаванымі” Евангеллем сэрцамі, падтрымлівалі раззбраенне мовы. Гэта – фундаментальна: прасоўваць тон міру і разумення, будаваць масты, быць гатовымі слухаць, ажыццяўляць камунікацыю з павагай да іншага і яго меркавання. У гэтым ёсць неадкладная патрэба ў грамадстве, але таксама Касцёл патрабуе “ветлівай і адначасова прароцкай” камунікацыі”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Папа нагадаў, што Касцёл у Германіі распачаў сінадальны шлях, аб якім у 2019 годзе ён напісаў адмысловы ліст. Пантыфік пажадаў, каб гэтаму працэсу спадарожнічалі два аспекты: у першую чаргу клопат пра духоўнае вымярэнне, гэта значыць пра канкрэтнае і пастаяннае прыстасаванне да Евангелля, а не да мадэляў свету, нанава адкрываючы для сябе асабістае і супольнае навяртанне праз сакрамэнты, малітву, паслухмянасць Святому Духу, а не духу часу. Другі аспект, на якіх ён звярнуў увагу – “паўсюднае вымярэнне, каталіцкае, каб не разумець жыццё верай як нешта, што тычыцца выключна ўласнага культурнага і нацыянальнага кантэксту”. У сувязі з гэтым Францішак адзначыў важнасць удзелу Касцёла ў Германіі ў паўсюдным сінадальным працэсе.
“Каталіцкія журналісты могуць сыграць каштоўную ролю ў гэтых сітуацыях: даючы карэктную інфармацыю яны могуць спрыяць праясненню непаразуменняў і асабліва недапушчэнню іх узнікнення, дапамагаючы ўзаемнаму разуменню, а не супрацьстаянню”, - адзначыў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў таксама, што важна “не мець інтравертыўнай паставы”, а “выходзіць”, каб “несці хрысціянскае пасланне ва ўсе сферы жыцця, выкарыстоўваючы сродкі і магчымасці, якія сёння ёсць у распараджэнні”. “Касцёл, які займаецца галоўным чынам толькі сабой, захворвае самарэферэнтнасцю. Касцёла жа – гэта місіяй, а каталіцкія журналісты не могуць не ўдзельнічаць у ёй і заставацца “нейтральнымі” да паслання, якое перадаюць”, - нагадаў Пантыфік, заклікаючы сваіх гасцей не пакідаць без увагі таксама сацыяльныя праблемы і людзей, якія пакутуюць ад іх.