Галоўныя цэлебрацыі з удзелам Пантыфіка ў студзені і лютым
Аляксандр Панчанка - Vatican News
21 студзеня 2024 года Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу ў базіліцы святога Пятра з нагоды Нядзелі Божага Слова. 25 студзеня ён адправіцца ў базіліку святога Паўла за мурамі, дзе ўзначаліць малітву нешпараў на завяршэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.
2 лютага Францішак правядзе літургію з нагоды 28-га Сусветнага дня кансэкраванага жыцця. Імша адбудзецца ў базіліцы святога Пятра і ў ёй будуць браць удзел прадстаўнікі розных інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.
11 лютага ў базіліцы святога Пятра Святы Айцец узначаліць цэлебрацыю Імшы, падчас якой адбудзецца кананізацыя аргенцінскай манахіні, благаслаўлёнай Марыі Антоніі дэ Сан-Хасэ (свецкае імя Антоніа дэ Пас і Фігероа), вядомай як Мама Антула.
У Папяльцовую сераду 14 лютага Францішак адправіцца ў рымскі касцёл святога Анзэльма, дзе распачнецца пакаяннае набажэнства і працэсія да базілікі святой Сабіны на Авенцінскім пагорку. Там Папа будзе цэлебраваць Імшу з абрадам пасыпання галоў попелам, які здзяйсняецца ў Касцёле на распачацце Вялікага посту.