Пантыфік: у духоўнай барацьбе дапамагае Божая міласэрнасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа нагадаў, што новы катэхетычны цыкл, з якім ён пачаў знаёміць вернікаў, прысвечаны тэме заганаў і цнотаў. Духоўнае жыццё верніка не бывае “спакойным, лінейным і бесперашкодным”, наадварот, патрабуе пастаяннай барацьбы. Невыпадкова першае памазанне, якое атрымлівае кожны хрысціянін падчас хросту, сімвалізуе жыццё як барацьбу. У старажытнасці перад спаборніцтвам барацьбіты мазалі алеем усё цела, каб супернік не мог за яго ўчапіцца. Памазанне падчас хросту дае зразумець, што жыццё хрысціяніна не пазбаўлена барацьбы з выпрабаваннямі і спакусамі, - адзначыў Святы Айцец.
Заснавальніку манаства Антонію Вялікаму прыпісваюць выслоўе аб тым, што “без спакусаў ніхто не выратуецца”. Святы – гэта не той, хто пазбягае спакусаў, а той, хто добра ведае, што злыя спакусы пастаянна ўзнікаюць у нашым жыцці, іх неабходна выкрываць і адхіляць, - сказаў Пантыфік.
З іншага боку, той, хто лічыць сябе ў парадку, знаходзіцца ў небяспецы, таму што не здольны адрозніваць дабро ад зла. Мы павінны ведаць свае грахі, прызнаваць сябе грэшнікамі і пры гэтым захоўваць у сэрцы ўпэўненасць у тым, што ні адзін грэх не з'яўляецца занадта вялікім для бясконцай міласэрнасці Бога. Гэта ўрок, які дае нам Езус, - сказаў Папа, спасылаючыся на евангельскі ўрывак пра хрост Езуса ў водах ракі Ярдан (Мц 3,15), падчас якога Месія не заклікае да суду, а, наадварот, стаіць у натоўпе разам з грэшнікамі.
Напрыканцы катэхезы Святы Айцец прапанаваў прысутным звярнуцца да Езуса, які прабачае ўсе грахі, з такой малітвай: "Пане, я грэшны, але, калі ласка, не пакідай мяне".