Пошук

Пантыфік: хрысціян паяднае любоў і служэнне Богу і людзям

Калі хрысціяне сталеюць у служэнні Богу і бліжняму, яны ўзрастаюць таксама ва ўзаемным разуменні, - падкрэсліў Пантыфік на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

25 студзеня 2024 года Папа ўзначаліў малітву нешпараў з ўдзелам лідараў розных хрысціянскіх канфесій, у тым ліку Архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі і Мітрапаліта Палікарпа, прадстаўніка праваслаўнага Экуменічнага Патрыярхату. Яна прайшла ў рымскай базіліцы святога Паўла за Мурамі.

У гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскі урывак пра дыялог Езуса з настаўнікам закону, які пытаўся: “Што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?”. У адказ Езус заклікаў яго любіць усім сэрцам Бога і бліжняга, а таксама распавёў прыпавесць пра Добрага Самараніна, які не прайшоў раўнадушна побач з параненым чалавекам, а злітаваўся над ім, наблізіўся да яго і агарнуў клопатам.

“Толькі такая любоў, якая становіцца бескарыслівым служэннем, толькі такая любоў, якую абвяшчаў і якой жыў Езус, наблізіць хрысціян, падзеленых паміж сабой. Так, толькі такая любоў, якая не звяртаецца да мінулага, каб аддаляцца ці ўказваць пальцам, толькі такая любоў, якая ў імя Бога ставіць брата вышэй за жалезную абарону уласнай рэлігійнай сістэмы, толькі такая любоў аб’яднае нас”, - запэўніў Пантыфік.

Францішак заклікаў прадстаўнікоў канфесій задумацца пра тое, ці іх вернікі, рэлігійныя супольнасці і духоўнасць становяцца блізкімі да людзей або застаюцца закрытымі, ахоўваючы ўласныя інтарэсы, аўтаномію, шукаючы ўласнай выгады, падтрымліваючы адносіны з іншымі, толькі, каб атрымаць нешта. “Калі было б так, тады гаворка ішла б не толькі пра стратэгічныя памылкі, але пра нявернасць Евангеллю”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа заахвоціў па прыкладзе святога Паўла паставіць на першае месца не ўласныя задумы, але Бога і паслухмянасць Яму. “Калі Ён будзе скарбам, тады наша эклезіяльная праграма не можа не заключацца ў выкананні Яго волі, у руху насустрэч Яго жаданням. А Ён, уначы перад тым, як аддаць сваё жыццё за нас, горача маліў Айца за ўсіх нас, “каб усе былі адно”. Вось Яго воля”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што ў імкненні да адзінства паміж хрысціянамі трэба адкласці ў бок уласныя ідэі і шукаць голасу Пана, пакідаючы Яму ініцыятыву і прастору “Мы маем патрэбу ў такой змене перспектывы і асабліва ў змене сэрца, бо, як сцвяржаў шэсцьдзесят гадоў таму Другі Ватыканскі Сабор: “Не існуе сапраўднага экуменізму без унутранай перамены”.

“У той час як мы молімся, давайце прызнаем, кожны, пачынаючы з самаго сябе, што маем патрэбу ў навяртанні, у тым, каб дазволіць Пану змяніць нашы сэрцы. Гэта шлях: ісці разам і служыць разам, ставячы малітву на першае месца. Сапраўды, калі хрысціяне сталеюць у служэнні Богу і бліжняму, яны ўзрастаюць таксама ва ўзаемным разуменні, як яшчэ абвяшчаў Сабор: “Наколькі цеснай будзе сувязь з Айцом, Словам і Духам, настолькі лягчэй ім будзе паглыбіць і пабудаваць узаемныя братэрскія адносіны”, - сказаў Папа, заклікаў працягваць маліцца аб адзінстве хрысціян, а таксама аб заканчэнні войнаў, асабліва ва Украіне і Святой Зямлі.
 

25 студзеня 2024, 18:25