Пантыфік: хрысціянін павінен заўважаць новыя формы беднасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
22 студзеня 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Камітэта па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння ксяндза Ларэнца Мілані – італьянскага святара, пісьменніка, выкладчыка і выхавацеля бедных дзяцей, руплівага абаронцу прынцыпу свабоды сумлення.
Ён быў “святаром, закаханым у Касцёл, верным служыцелем Евангелля ў бедных”, - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы сваіх гасцей спрыяць пашырэнню ведаў пра дзейнасць гэтага пастыра.
“Дон Ларэнца да глыбіні жыў евангельскімі благаслаўленнямі беднасці і пакоры, пакінуўшы свае буржуазныя прывілеі, сваё багацце, свой камфорт, сваю элітарную культуру, каб стаць бедным сярод бедных. І ён ніколі не адчуваў сябе збяднелым з-за гэтага выбару, бо ведаў, што гэта была яго місія...”, - сцвердзіў Францішак.
Пантыфік заўважыў, у сваёй адукацыйнай дзейнасці на карысць бедных ксёндз Мілані імкнуўся вярнуць ім годнасць, павагу, правы і грамадзянства, а ў першую чаргу – прызнанне сыноўства Бога, якое ахоплівае ўсіх. Папа адзначыў каштоўнасць гэтай дзейнасці святара, бо сістэма адукацыі ў яго час садзейнічала паглыбленню няроўнасці і не спрыяла евангелізацыі, таму што “несправядлівасць аддаляла бедных ад Божага слова, ад Евангелля, аддаляла сялян і рабочых ад веры і Касцёла”.
Прыклад ксяндза Ларэнца Мілані, “запрашае нас не заставацца абыякавымі, інтэрпрэтаваць рэальнасць, заўважаць новых бедных і новыя формы беднасці, станавіцца блізкімі да ўсіх адчужаных і прымаць іх блізка да сэрца”, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што “кожны хрысціян павінен рабіць гэта”.