Пошук

Пантыфік прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Казахстана

19 студзеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Касым-Жамарта Такаева, які затым сустрэўся з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Падчас традыцыйнага абмену падарункамі Прэзідэнт Такаеў уручыў Францішку мазаічную карціну з выявай возера Караколь, а таксама сувенір з птушкай міру.

Святы Айцец падараваў лідару Казахстана керамічную выяву скульптуры святога Пятра з купалам базілікі святога Пятра на заднім плане, пасланне на Сусветны дзень міра і іншыя дакументы.

Падчас сардэчных перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце было выказана задавальненне добрымі двухбаковымі адносінамі паміж Святым Пасадам і Казахстанам, асабліва супрацоўніцтвам у рамках міжрэлігійнага дыялогу. Было выказана спадзяванне на ўсё больш актыўную ролю вернікаў у жыцці народа на карысць агульнага дабра.

Абмяркоўваліся таксама пытанні рэгіянальнага і міжнароднага характару з асаблівай увагай да канфліктаў і гуманітарных пытанняў. Бакі адзначылі важнасць неадкладнай дзейнасці на карысць міру і стабільнасці ў свеце.

19 студзеня 2024, 12:14