Пошук

Папа: адкрываць багацце розных традыцый і абрадаў у Касцёле

На працягу студзеня 2024 года Францішак заклікае маліцца за дар разнастайнасці ў Касцёле. Сваю інтэнцыю ён агучыў і патлумачыў у відэароліку Папскай сусветнай сеткі малітвы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы не павінны баяцца разнастайнасці харызмаў у Касцёле. Наадварот, мы павінны з радасцю жыць гэтай разнастайнасцю. Ужо ў першых хрысціянскіх супольнасцях існавалі разнастайнасць і адзінства: яны стваралі напружанасць, якая патрабавала вырашэння на больш высокім узроўні”, - нагадаў Святы Айцец.

На думку Пантыфіка, “каб ісці па шляху веры, нам таксама неабходны экуменічны дыялог з нашымі братамі і сёстрамі з іншых хрысціянскіх канфесій і супольнасцяў”. “Не як нешта, што стварае блытаніну і неспакой, але як дар, які Пан дае хрысціянскай супольнасці, каб яна расла як адзінае цела, Цела Хрыста”, - дадаў ён.

Францішак паставіў у прыклад Усходнія Цэрквы. “У іх ёсць свае традыцыі, некаторыя асаблівыя літургічныя абрады, але яны захоўваюць адзінства веры. Умацоўваюць яго, а не ствараюць падзелы. Калі мы дазваляем Святому Духу весці нас, тады багацце, разнастайнасць, адметнасці ніколі не становяцца прычынай для канфліктаў. Святы Дух нагадвае, што ў першую чаргу мы – умілаваныя Божыя дзеці. Усе роўныя ў Божай любові і ўсе розныя”, - падкрэсліў Папа.

“Молімся аб тым, каб Дух дапамог распазнаваць дар розных харызмаў у хрысціянскіх супольнасцях і адкрываць багацце розных традыцый і абрадаў ва ўлонні Каталіцкага Касцёла”, - агучыў малітоўную інтэнцыю на студзень Пантыфік.

02 студзеня 2024, 16:00