Пошук

Імша ў Нядзелю Божага Слова Імша ў Нядзелю Божага Слова   (Vatican Media)

Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу ў Нядзелю Божага Слова

21 студзеня 2024 года ў Касцёле будзе адзначацца Нядзеля Божага Слова – урачыстасць, заснаваная Францішкам пяць гадоў таму назад. Сёлетняя тэма – "Трываць у слове Маім" (Ян 8, 31).

Марыя Валодзіна - Vatican News

З нагоды 5-й Нядзелі Божага Слова Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу ў ватыканскай базіліцы. Падрабязнасці цырымоніі паведаміла Дыкастэрыя па евангелізацыі.

Эўхарыстыя распачнецца ў базіліцы святога Пятра ў 9.30 раніцы. Яе ўдзельнікі атрымаюць у падарунак ад Францішка Евангелле святога Марка. Гэтым жэстам Пантыфік імкнецца нагадаць вернікам пра іх адказнасць за веданне Святога Пісання.

Падчас святой Імшы адбудзецца абрад устанаўлення на паслугі лектарату і катэхета некалькіх свецкіх жанчын і мужчын з розных краін свету: Антыльскіх астравоў, Балівіі, Бразіліі, Германіі, Карэі і Чада. Два вернікі будуць устаноўлены на паслугу лектарату і дзевяць чалавек – на паслугу катэхета.

Святая Імша будзе трансліравацца ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ, парталам Vatican News, а таксама вядучымі сусветнымі тэлеканаламі.

Дыкастэрыя па евангелізацыі падрыхтавала бясплатны анлайн-дапаможнік з літургічнымі і душпастырскімі матэрыяламі для малітвы, разважання і сустрэчы са Словам Божым у грамадстве, сям'і і паўсядзённым жыцці. Знайсці яго можна на сайце www.evangelizatio.va на англійскай, іспанскай, італьянскай, партугальскай, польскай і французскай мовах.

Чакаецца таксама, што ў Нядзелю Божага Слова Францішак афіцыйна абвесціць пра пачатак Года малітвы ў рамках падрыхтоўкі да Юбілейнага 2025 года.

18 студзеня 2024, 12:13