Пошук

Папа да экуменічнай камісіі: адзінства магчымае і неабходнае

Ісці разам па шляхах адзінства, якія таксама з'яўляюцца шляхамі міру, заклікаў Францішак членаў каталіцка-праваслаўнай камісіі, якіх прыняў 26 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Францішак прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. Да камісіі, якая сёлета адзначае дваццатую гадавіну, далучылася дэлегацыя маладых праваслаўных святароў і манахаў.

Папа сардэчна прывітаў гасцей і падзякаваў ім за імкненне ісці разам па шляхах адзінства, якія таксама з'яўляюцца шляхамі міру. “Прысутнасць маладых людзей дае надзею”, - сказаў Папа, запрасіўшы іх перадаць сардэчныя прывітанні “шаноўным і дарагім братам”, кіраўнікам Усходніх Праваслаўных Цэркваў, якія наведалі яго з візітамі ў мінулым годзе: Тавадрасу II, Базеліёсу Мартаме Мэцьюзу III і Ігнацію Яфрэму II.

Гэтыя жэсты – візіты, абмен пасланнямі, дэлегацыямі і падарункамі – выходзяць далёка за рамкі экуменічнай ветлівасці або дыпламатыі. Яны служаць прыкметамі і сродкамі адносін, заснаваных на прызнанні адзінага хросту і братэрства, - нагадаў Пантыфік, дадаючы, што адносіны паміж Касцёлам і Усходнімі Цэрквамі паглыбляюцца.

Францішак нагадаў галоўныя вехі гэтых адносін, пачынаючы з першага пасяджэння камісіі
ў Каіры ў студзені 2004 года. З тых часоў камісія збіраецца амаль кожны год. Яна прыняла тры важныя дакументы, якія адлюстроўваюць багацце розных хрысціянскіх традыцый: копцкай, сірыйскай, армянскай, маланкарскай, эфіопскай, эрытрэйскай і лацінскай. Дыялог засноўваецца на ідэі адзінства ў разнастайнасці, калі адна і тая ж вера прымае розныя выразы і формы ў розных культурных, сацыяльных і чалавечых кантэкстах.

Яшчэ адной асаблівасцю дыялогу паміж Касцёлам і Усходнімі Цэрквамі Папа назваў пастаянны душпастырскі клопат, аб чым сведчыць апошні дакумент аб сакрамэнтах у жыцці Касцёла, а таксама штогадовыя навучальныя візіты для маладых святароў і манахаў. У якасці прыкладаў такіх ініцыятыў Святы Айцец узгадаў візіты чатырох дэлегацый маладых праваслаўных святароў і манахаў у Рым па запрашэнні Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, а таксама візіт дэлегацыі маладых каталіцкіх святароў у Эчміядзін па запрашэнні Армянскай Апостальскай Царквы.

Францішак заахвоціў членаў камісіі працягваць “дыялог міласэрнасці, дыялог ісціны і дыялог жыцця”. Няхай дваццатая гадавіна – час юнацтва, узрост, у якім спеюць рашучыя рашэнні – умацуе перакананасць у тым, што “поўнае адзінства нашых Цэркваў не толькі магчымае, але і тэрмінова неабходнае, "каб паверыў свет" (Ян 17:21), - пажадаў Папа.

26 студзеня 2024, 11:14