Пошук

Папа: дзеці вучаць прымаць веру з нявіннасцю і адкрытым сэрцам

У свята Хросту Пана, 7 студзеня 2024 года, Францішак узначаліў святую Імшу ў Сікстынскай капэле, падчас якой ахрысціў 16 нованароджаных: 9 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сакрамэнт хросту прынялі дзеці супрацоўнікаў устаноў Ватыкана і Святога Пасаду. Як заўсёды падчас гэтай цэлебрацыі Пантыфік прамовіў кароткую гамілію, даючы некаторыя парады бацькам і хросным.

“Мы сабраліся тут, каб ахрысціць, каб даць дар веры нашым дзецям. Яны з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі гэтай цырымоніі. Яны могуць гаманіць, хадзіць, крычаць. Верхаводзяць яны, бо гэта іх свята і гэта яны атрымліваюць найцудоўнейшы дар: дар веры, дар Пана”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Зараз ціха, але дастаткова, каб адно дзіця пачало падаваць ноту і пачнецца канцэрт. Дазвольце ім плакаць, калі яны галодныя – пакарміце, калі спякотна – распраніце іх. Гэта дзеці з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі, бо яны таксама даюць нам сведчанне таго, як прымаецца вера: з нявіннасцю і адкрытым сэрцам”, - дадаў Папа.

Францішак пажадаў бацькам і хросным, каб іх жыццё было дапамогай для гэтых дзяцей, дапамогай у росце. “Ім трэба спадарожнічаць у гэтым, бо так вы зможаце дапамагчы развіццю веры ў іх. Дзякую за ваша сведчанне, за тое, што прынеслі іх сюды, каб атрымалі веру”, - дадаў Пантыфік.

Звычай хросту дзяцей супрацоўнікаў Святога Пасаду і ватыканскіх устаноў устанавіў святы Ян Павел 11 студзеня 1981 года падчас святой Імшы ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палаца. У 1983 годзе ён жа ўпершыню ўзначаліў літургію ў сценах Сікстынскай капэлы – месца, дзе праводзіцца канклаў, падчас якога кардыналы выбіраюць чарговага Наступніка святога Пятра.
 

07 студзеня 2024, 10:58