Пошук

Папа Францішак з хворымі Папа Францішак з хворымі  (ANSA)

Папа: клапаціцца пра адносіны з хворымі, не пакідаць іх у адзіноце

Хворыя павінны быць у цэнтры чалавечай увагі, але культура індывідуалізму вядзе да таго, што многія жывуць у адзіноце і пакінутасці, - гаворыцца ў пасланні Францішка на XXXII Сусветны дзень хворага, які будзе адзначацца 11 лютага 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тэма паслання – "Нядобра чалавеку быць аднаму" (пар. Быц 2, 18).

З самага пачатку Бог стварыў чалавека для зносін і надзяліў прыроджанай здольнасцю ўступаць у адносіны з іншымі людзьмі. Такім чынам, наша жыццё закліканае цалкам рэалізаваць сябе ў дынамізме адносін, сяброўства і ўзаемнай любові. Мы створаны, каб быць разам, а не ў адзіноце. Мы ўспрымаем досвед пакінутасці і адзіноты як нешта страшнае, хваравітае і нават бесчалавечнае. Гэта пачуццё яшчэ больш абвастраецца ў час сур'ёзнай хваробы, калі чалавек адчувае сябе ўразлівым, няўпэўненым і неабароненым, - напісаў Пантыфік.

Вайна – самая страшная з сацыяльных хвароб

Папа ўзгадаў усіх тых, хто апынуўся ў страшнай адзіноце падчас пандэміі Covid-19: пацыентаў, якія не маглі прымаць наведвальнікаў, а таксама медыкаў і дапаможны персанал, перагружаных працай і ізаляваных у закрытых палатах. “І, вядома ж, нельга забываць тых, каму давялося сустрэць смяротную гадзіну ў адзіноце, пад наглядам медыцынскага персаналу, але далёка ад сваіх родных і блізкіх”, - адзначыў Францішак.

Пантыфік падзяляе “боль, пакуты і адзіноту тых, хто з-за вайны і яе трагічных наступстваў застаўся без падтрымкі і дапамогі. Вайна – самая страшная з сацыяльных хвароб, а найбольш уразлівыя плацяць за яе самую высокую цану”, - напісаў ён.

Заўсёды ставіць у цэнтр чалавечую годнасць

Святы Айцец падкрэсліў, што нават у багатых і мірных краінах старасць і хваробы часта вядуць да адзіноты і пакінутасці. Гэта следства культуры індывідуалізму, якая імкнецца да прадукцыйнасці любой цаной, культывуе міф аб эфектыўнасці і праяўляе абыякавасць і нават чэрствасць, калі ў чалавека больш няма сіл ісці ў нагу з часам. У культуры адкідаў “людзі больш не разглядаюцца як асноўная каштоўнасць, якую трэба паважаць і абараняць, асабліва калі яны бедныя ці з абмежаванымі магчымасцямі, калі яны „яшчэ непатрэбныя” – як ненароджаныя дзеці, – або „ўжо непатрэбныя” – як пажылыя людзі” (Fratelli tutti, 18).

На жаль, падобны лад мыслення вызначае і некаторыя палітычныя рашэнні, якія не арыентаваны на годнасць чалавека і яго патрэбы, і не заўсёды спрыяюць рэалізацыі стратэгій, неабходных для забеспячэння кожнага чалавека асноўным правам на ахову здароўя і доступ да медыцынскай дапамогі. У той жа час адмова ад уразлівых слаёў насельніцтва і іх ізаляцыя таксама спрыяюць таму, што ахова здароўя зводзіцца толькі да выключнага аказання медыцынскіх паслуг, якія не суправаджаюцца "тэрапеўтычным пагадненнем" паміж урачом, пацыентам і членамі яго сям'і.

Папа заахвоціў прыслухацца да слоў Бібліі: "Нядобра чалавеку быць аднаму". Бог вымавіў іх у самым пачатку тварэння, і тым самым адкрыў нам глыбокі сэнс свайго плана для чалавецтва, але ў той жа час і смяротную рану граху, якую мы прычыняем, спараджаючы падазрэнні, расколы, падзелы і, як следства, ізаляцыю. “Грэх закранае чалавека ва ўсіх яго адносінах: з Богам, з самім сабой, з іншымі людзьмі, з тварэннем. Такая ізаляцыя прымушае нас губляць сэнс нашага жыцця, пазбаўляе нас радасці любові і прымушае нас адчуваць непераадольнае пачуццё адзіноты на ўсіх важных этапах жыцця”, - папярэдзіў Францішак.

Першая форма клопату аб хворым – спачуванне

На думку Папы, першая форма клопату пры любой хваробе – гэта спачуванне і блізкасць. “Клопат аб хворым азначае, перш за ўсё, клопат аб яго адносінах: з Богам, з іншымі – сям'ёй, сябрамі, медыцынскімі работнікамі – з тварэннем і з самім сабой. Ці магчыма гэта? Так, гэта магчыма, і ўсе мы закліканы зрабіць так, каб гэта адбылося. Давайце звернемся да прыкладу добрага Самараніна (пар. Лк 10, 25-37), з яго здольнасцю запаволіць крок і наблізіцца да чалавека, каб з пяшчотай паклапаціцца аб яго ранах”, - заахвоціў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў памятаць галоўную ісціну нашага жыцця: мы прыйшлі ў свет, таму што хтосьці прыняў нас. “Мы створаны для любові. Мы пакліканы да зносін і братэрства. Гэта вымярэнне нашага жыцця – тое, што падтрымлівае нас асабліва ў перыяды хваробы і слабасці. Гэта першая тэрапія, якую мы ўсе павінны выкарыстоўваць, каб лячыць хваробы грамадства, у якім мы жывем.

Звяртаючыся да хворых, Францішак сказаў: “Не саромцеся свайго жадання блізкасці і пяшчоты! Не хавайце яго і ніколі не думайце, што вы – крыніца клопату для іншых. Стан хворага дазваляе ўсім нам стрымаць мітуслівы рытм жыцця, каб зноў знайсці сябе”.

Папа заклікаў вернікаў клапаціцца пра тых, хто пакутуе і самотны, маргіналізаваны і адрынуты, лячыць іх раны адзіноты і ізаляцыі, супрацьстаяць культуры індывідуалізму і абыякавасці, развіваць культуру пяшчоты і спагады.

“Хворыя, уразлівыя і бедныя знаходзяцца ў сэрцы Касцёла і павінны быць таксама ў цэнтры нашай чалавечай увагі і пастырскага клопату. Ніколі не забывайцеся пра гэта!”, - зазначыў Папа, заклікаючы даверыць хворых Найсвяцейшай Панне Марыі, “каб яна заступалася за нас і дапамагала нам быць майстрамі блізкасці і братэрскіх адносін”.

13 студзеня 2024, 13:39