Папа: Мальтыйскі Ордэн пакліканы да гуманітарнай дыпламатыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак нагадаў, што місія Ордэна заключаецца ў праслаўленні Бога і асвячэнні яго членаў “праз абарону веры і пашану да бедных”, а таксама падкрэсліў, што гэтыя два віды дзейнасці з’яўляюцца неад’емнымі паміж сабой. Пантыфік заклікаў сваіх гасцей служыць бедным “з любоўю і пакорай, без рыторыкі і выхваляння”, даючы, такім чынам, сведчанне спагады і пяшчоты Езуса.
“Ваша дзейнасць з’яўляецца не толькі гуманітарнай, як вартая пахвалы дзейнасць многіх іншых арганізацый, а рэлігійнай, якая ўзносіць хвалу Богу ў служэнні самым слабым і сведчыць пра прыхільнасць Пана да іх”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў у такой жа перспектыве глядзець на дыпламатычную дзейнасць Мальтыйскага Ордэна, якая ажыццяўляецца ў 113 краінах свету і ў 37 місіях пры міжнародных арганізацыях. “Калі б яе мэтай не было сведчанне пра любоў Бога да патрабуючых, не было б сэнсу ў яе ажыццяўленні манаскім ордэнам”, - сказаў ён.
Папа нагадаў, што на міжнародным узроўні Мальтыйскі Ордэн з’яўляцца “прыладай апостальскай дзейнасці”, што знаходзіцца ў субардынацыі да Апостальскай Сталіцы і паслухмянасці Папу, як найвышэйшаму настаяцелю ўсіх манаскіх аб’яднанняў.
“Па гэтай прычыне важна, каб паміж дыпламатычнымі прадстаўнікамі Ордэна і папскімі легатамі на месцах, устанаўліваліся адносіны плённага супрацоўніцтва, ва ўзгодненай дзейнасці дзеля дабра Касцёла і грамадства”, - адзначыў Пантыфік, дадаючы, што “сувязь Ордэна з Папам – гэта не абмежаванне яго свабоды, а абарона”.
“Таму залежнасць Мальтыйскага Ордэна ад Святога Пасаду не змяншае важнасці яго дыпламатычных прадстаўніцтваў, але дапамагае больш поўна разумець іх сэнс, як каналаў апостальска-дабрачыннай дзейнасці Ордэна, адкрытых і шчодрых, асабліва там, дзе ёсць патрэба. Мне вельмі падабаецца тэрміналогія, выкарыстаная некаторымі з вас, якія лічаць вашу дыпламатыю “гуманітарнай дыпламатыяй”, - сказаў Папа, адзначаючы, што гэта яе рыса можа быць таксама “каштоўным сведчаннем” і “красамоўным знакам” для іншых пасольстваў, каб і іх высілкі былі скіраваны на канкрэтнае дабро народаў і ўвагу да бедных.