Пошук

Святы Айцец: шукаць Пана і быць сведкамі Яго Евангелля

Як мудрацы, давайце скіруем нашы погляды да неба, адправімся па зямных шляхах на пошукі Пана і схілімся перад Ім у адарацыі, - заклікаў Францішак падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Мудрацы адправіліся на пошукі народжанага караля. Яны ўяўляюць сабой народы, якія вандруюць у пошуках Бога, іншаземцаў, якіх вядуць на святую гару Пана (пар. Іс 56, 6-7), тых, хто здалёк пачуў вестку пра збаўленне (пар. Іс 33,13), тых, хто заблукаў, але пачуў сяброўскі голас. Бо слава Пана ўцелавілася ў плоці Бэтлеемскага Дзіцятка і адкрылася ўсім народам (пар. Іс 40, 5), і "ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне" (Лк 3, 6), - сказаў Францішак у гаміліі падчас ранішняй літургіі, якая прайшла 6 студзеня 2024 года ў ватыканскай базіліцы святога Пятра.

Папа прапанаваў больш уважліва паглядзець на мудрацоў, якія прыйшлі з усходу, і спыніцца на трох аспектах іх падарожжа: іх вочы скіраваныя да нябёсаў, ногі ідуць па зямлі, а сэрцы пранікнутыя пакланеннем.

Звярнуць погляд увышыню

“Па-першае, вочы мудрацоў скіраваныя да неба. Яны перапоўненыя тугі па бясконцасці, іх погляд скіраваны да зорак. Яны не праводзяць сваё жыццё, утаропіўшыся сабе пад ногі, замкнуўшыся ў сабе, абмежаваныя зямнымі гарызонтамі, з цяжкасцю прасоўваючыся наперад у пакоры або стогнах. Яны высока падымаюць галовы і чакаюць святла, якое надае сэнс іх жыццю, чакаюць збаўлення, якое прыходзіць звыш. І вось яны бачаць узыходзячую зорку, больш яркую, чым усе астатнія, якая зачароўвае іх і прымушае адправіцца ў падарожжа. Гэта ключ, які адкрывае сапраўдны сэнс нашага існавання: калі мы жывем у цесных межах зямных спраў, калі мы ідзем з апушчанай галавой, становячыся закладнікамі сваіх няўдач і шкадаванняў, калі мы прагнем мірскіх выгод і суцяшэнняў, якія сёння ёсць, а заўтра іх няма, замест таго, каб шукаць святло і любоў, наша жыццё згасае. Мудрацы – чужынцы, якія яшчэ не сустрэлі Езуса, – вучаць нас скіроўваць позірк увышыню, да нябёсаў, да гор, адкуль прыйдзе да нас дапамога, таму што дапамога зыходзіць ад Пана” (пар. Пс 121, 1-2), - зазначыў Святы Айцец.

“Браты і сёстры, давайце звернем наш погляд увышыню! Нам неабходна глядзець увысь, каб навучыцца бачыць рэальнасць з вышыні. Гэта трэба нам на жыццёвым шляху, каб нас суправаджала сяброўства з Панам, Яго любоў, якая падтрымлівае нас, святло Яго слоў, якое вядзе нас, як зорка ўначы. Нам трэба адправіцца ў гэтае падарожжа, каб наша вера не зводзілася да набору рэлігійных абрадаў або простай звычцы, але стала агнём, які гарыць унутры нас і прымушае нас дбайна шукаць аблічча Пана і стаць сведкамі Яго Евангелля. Нам неабходна гэта ў Касцёле, дзе замест таго, каб дзяліцца на групы ў адпаведнасці з нашымі ўяўленнямі, мы пакліканы зноў паставіць Бога ў цэнтр. (...) Бога, а не нашы ўласныя ідэі або праекты. Давайце зноў пачнем з Бога, будзем шукаць у Ім мужнасць, каб не падаць духам перад цяжкасцямі, моц для пераадолення перашкод і радасць жыцця ў гарманічных зносінах”, - сказаў Францішак.

Адправіцца па зямных шляхах на пошукі Пана

“Мудрацы не толькі глядзяць у неба, увышыню, але і ідуць па зямлі. Яны адпраўляюцца ў Ерусалім і пытаюцца: “Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму" (Мц 2, 2). Зіхатлівая нябесная зорка пасылае іх у падарожжа па зямных дарогах. Накіроўваючы позірк увысь, яны вымушаныя спусціцца ўніз, у гэты свет. Шукаючы Бога, яны знаходзяць Яго ў чалавеку, у немаўляці, якое ляжыць у яслях, таму што Бог, бясконца вялікі, аб'явіў сябе ў малым, бясконца малым”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Браты і сёстры, давайце цвёрда стаяць на зямлі! Дар веры быў дадзены нам не для таго, каб стаяць і глядзець на нябёсы (пар. Дз 1, 11), а для таго, каб мы ішлі па шляхах свету як сведкі Евангелля. Святло, якое асвятляе наша жыццё, Пан Езус, быў дадзены нам не толькі для таго, каб суцяшаць нас уначы, але і для таго, каб дазволіць прамяням святла прабіцца скрозь густую цемру, якая акружае так шмат сітуацый у нашых грамадствах. Мы знаходзім Бога, які прыходзіць да нас, не ў нейкай прыгожай рэлігійнай тэорыі, а адпраўляючыся ў падарожжа, шукаючы знакі яго прысутнасці ў паўсядзённым жыцці, і, перш за ўсё, сустракаючыся і дакранаючыся да цела нашых братоў і сясцёр”, - зазначыў Пантыфік.

Мудрацы адправіліся на пошукі Бога, а знайшлі дзіця ў плоці і крыві. “Гэта важна: знайсці Бога ў плоці і крыві, у асобах, якія штодзень праходзяць міма нас, асабліва ў асобах самых бедных. Мудрацы вучаць нас, што сустрэча з Богам адкрывае нам вялікую надзею, якая прымушае нас змяніць лад жыцця і пераўтварыць свет”, - сказаў Папа, нагадаўшы словы Бэнэдыкта XVI аб тым, што, “калі няма сапраўднай надзеі, чалавек шукае шчасце ў п'янстве, павярхоўнасці, празмернасцях, і губіць сябе і свет”. Таму патрэбныя людзі, якія сілкуюць вялікую надзею і валодаюць вялікай мужнасцю: мужнасцю мудрацоў, якія здзейснілі доўгае падарожжа, ідучы за зоркай, каб схіліць калені перад дзіцём і прынесці Яму свае каштоўныя дары. (Гамілія Бэнэдыкта XVI, 6 студзеня 2008 года).

Схіліцца ў адарацыі

Нарэшце, сэрцы мудрацоў пранікнутыя глыбокай адарацыяй. Яны глядзяць на зорку, але не шукаюць прытулку ў пабожнасці, адарванай ад зямлі. Яны адпраўляюцца ў шлях, але не блукаюць, як турысты, бязмэтна. Яны прыйшлі ў Бэтлеем, убачылі Дзіцятка і, "упаўшы, пакланіліся Яму" (Мц 2, 11). Затым яны адкрылі свае скрыні і падаравалі Яму золата, ладан і смірну. Гэтымі містычнымі дарамі мудрацы абвяшчаюць, што Ён – цар, Бог і смяротны чалавек. Цар, які прыйшоў служыць нам, Бог, які стаў чалавекам, які спачувае нам, пакутуе разам з намі і памірае за нас. “Перад гэтай таямніцай мы закліканы схіліць нашы сэрцы і калені ў глыбокай адарацыі: пакланіцца Богу, які прыходзіць у драбніцы, які жыве ў штодзённасці нашых дамоў, які памірае дзеля любові”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы зноў адкрыць густ адарацыйнай малітвы.

“Як мудрацы, давайце скіруем нашы погляды да нябёсаў, адправімся на пошукі Пана, схілімся ў глыбокай адарацыі. І папросім ласкі: ніколі не губляць мужнасці, каб шукаць Бога, несці надзею, быць бясстрашнымі летуценнікамі, якія пазіраюць на нябёсы і вандруюць па дарогах свету,” - сказаў напрыканцы гаміліі Францішак.

06 студзеня 2024, 10:54