Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: у час войнаў і крызісаў трэба адкрыць важнасць малітвы

На працягу гэтага года мы запрошаны стаць больш пакорнымі і стварыць месца для малітвы, якая яднае з Езусам і дазваляе трымацца волі Айца - нагадаў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа напісаў прадмову да кнігі Малітва сёння, аўтарства кардынала Анджэла Камастры, архіпрэзбітэра-эмерыта ватыканскай базіліцы святога Пятра. Яна стала першай у серыі з васьмі кніг, падрыхтаваных Ватыканскім выдавецтвам з нагоды Года малітвы, які распачаўся ў Касцёле ў якасці духоўнай падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.

“Малітва – гэта дыханне веры, яе самы глыбокі выраз”, яна “на падабенства маўклівага воклічу зыходзіць з сэрца чалавека, што верыць і давярае сябе Богу”, - зазначыў Пантыфік, прызнаючыся, што “нялёгка знайсці словы”, каб выразіць таямніцу малітвы, бо “яна дазваляе апісаць сябе заўсёды і толькі ў прастаце тых, хто жыве ёй”. Францішак нагадаў пра заклік Хрыста не быць мнагаслоўнымі ў малітве і аддаваць перавагу цішыні і даверу да Айца, які ведае ў чым маем патрэбу, першым чым папросім Яго.

Папа заўважыў, што “наш час прымушае ўсё мацней адчуваць патрэбу ў сапраўднай духоўнасці, здольнай даць адказы на вялікія пытанні, якія кожны дзень паўстаюць у нашым жыцці, у тым ліку, у сувязі з неспакойнай сітуацыяй у свеце”.

“Экалагічна-эканамічна-сацыяльны крызіс, абцяжараны нядаўняй пандэміяй; войны, асабліва ва Украіне, якія сеюць смерць, разбурэнні і беднасць; культура абыякавасці і адчужэння, якая намагаецца задушыць прагненні міру і салідарнасці і выціснуць Бога з асабістага і грамадскага жыцця – гэтыя феномены ствараюць прыгнятальную атмасферу, якая перашкаджае многім людзям жыць радасна і спакойна. Таму мы патрабуем больш настойлівага ўзнясення малітвы да Айца, каб Ён пачуў голас тых, хто звяртаецца да Яго, з надзеяй на тое, што будзе выслуханы”, - дадаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што Год малітвы не мае на мэце заахвоціць мясцовыя Касцёлы да правядзення шматлікіх ініцыятыў, але заклікае адкрыць важнасць самой малітвы – фундаменту, на якім павінна грунтавацца распрацоўка і рэалізацыя ўсіх душпастырсткіх задум.

“На працягу гэтага года мы запрошаны стаць больш пакорнымі і стварыць месца для малітвы, якая льецца, дзякуючы Святому Духу”, - заўважыў Папа, дадаючы, што “малітва ў Святым Духу яднае з Езусам і дазваляе трымацца волі Айца”. “Дух – гэта ўнутраны настаўнік, што ўказвае шлях, якім трэба прайсці; дзякуючы Яму малітва нават аднаго чалавека можа стаць малітвай усяго Касцёла, і наадварот”, - напісаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што малітва дапамагае хрысціянам адчуваць сябе адзінай Божай сям’ёй, уважлівай да патрэб кожнага.

“Я ўпэўнены, што біскупы, святары, дыяканы, катэхеты знойдуць у гэтым годзе найбольш адпаведныя формы, каб паставіць малітву ў аснову абвяшчэння надзеі, якую Юбілей 2025 года мае намер распаўсюдзіць у гэты неспакойны час. Вельмі каштоўным тут будзе ўклад канкэкраваных асоб, асабліва супольнасцей кантэмплятыўнага жыцця. Я жадаю, каб ва ўсіх санктуарыях свету, прывілеяваных месцах малітвы, з’явілася больш ініцыятыў, дзякуючы якім кожны пілігрым зможа знайсці аазіс спакою і вырушыць у шлях з сэрцам, напоўненым суцяшэннем. Няхай асабістая і супольная малітва стане пастаяннай, няспыннай, згодна з жаданнем Пана Езуса, каб Божае Валадарства пашыралася, а Евангелле дасягнула кожнага чалавека, які просіць аб любові і прабачэнні”, - напісаў Пантыфік.
 

23 студзеня 2024, 12:17