Пошук

Папа: свет патрабуе крэатыўнасці, якую можа даць толькі моладзь

Маладыя людзі – гэта рычагі, якія змяняюць сістэмы, а не механізмы, якія падтрымліваюць іх пры жыцці. Сучасны свет патрабуе крэатыўнасці і энтузіязма, якія можа даць толькі моладзь, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 студзеня 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў сустрэчы аб’яднання Toniolo Young Professional Association, якое ўжо на працягу многіх гадоў знаёміць студэнцкую моладзь з дзейнасцю дыпламатычных прадстаўніцтваў Апостальскай Сталіцы пры міжнародных арганізацыях.

Пантыфік звярнуў увагу на распаўсюджванне так званага “кароткага мыслення”, якое “не глядзіць увышыню і наперад”, а толькі на імгненнае, эмацыйнае і зразумелае ў некалькіх словах. “Мяне хвалюе, калі чую пра моладзь, схаваную за экранамі, з вачыма, што адлюстроўваюць штучнае святло, замест таго, каб выпраменьваць яе крэатыўнасць”, - прызнаўся Папа, нагадваючы, што быць маладым значыць імкнуцца прысвяціць жыццё высокім мэтам, скіроўваюць позірк угару, шукаючы зоркі, а не пыл.

“Сумна бачыць апатычных і нячулых маладых людзей, якія ляжаць на канапах, замест таго, каб працаваць у школах і на вуліцах, якія схіляюцца над экранамі, а не над кнігамі ці братамі ў патрэбе; маладых прафесіяналаў звонку, але пагаслых у душы, якія, выціснутыя абавязкамі, уцякаюць у пошук задавальненняў”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы пра патрэбу свету ў крэатыўнасці і энтузіязме, якія можа даць толькі моладзь. “Маладыя людзі – гэта рычагі, якія абнаўляюць сістэмы, а не механізмы, якія павінны падтрымліваць іх пры жыцці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заклікаў моладзь не баяцца рызыкаваць, быць будаўнікамі гармоніі і прыгажосці, выходзіць з залежнасці ад віртуальнага, гіпнатычнага свету сацыяльных сетак, які робіць неадчувальнай душу, але дарыць іншым нешта новае і прыгожае. Ён заахвоціў юнакоў і дзяўчат быць творчымі і засвойваць стыль бескарыслівасці, з якім Бог ствараў сусвет – гэта дазваляе пераадолець логіку, згодна з якой працаваць трэба толькі дзеля сябе і ўласнай выгады. “Будзьце крэатыўнымі, каб адкрываць пробліскі навізны ў свеце, які задавальняецца прыбыткам – так вы будзеце рэвалюцыянерамі”, - запэўніў Пантыфік.

Папа выказаў спадзяванне на тое, што моладзь, якая цікавіцца дыпламатыяй Апостальскай Сталіцы, сваімі мужнымі пачынаннямі, дапаможа дасягненню міру ў свеце, напісанню новых старонак братэрства і надзеі, а таксама вырашэнню праблем, звязаных з эканомікай, вытворчасцю і гандлем зброяй, кліматычнымі зменамі, камунікацыяй, светам працы і многімі іншымі, якія патрабуюць абнаўлення і крэатыўнасці. “Я даручаю вам гэтыя мары старога чалавека, якому радасна бачыць вашы маладыя абліччы; і я думаю пра тое, наколькі радасней глядзець на вас Езусу, які заўсёды мае маладое сэрца і клікаў моладзь ісці за Ім”, - сказаў сваім гасцям Пантыфік.
 

12 студзеня 2024, 11:10