Пошук

Францішак: сёння патрэбны людзі, якія заражаюць святасцю

Нам патрэбны людзі, якія не сядзяць на канапе, але, “палаючы нястрымным жаданнем жыць Евангеллем і абвяшчаць яго, з запалам заражаюць святасцю”, - падкрэсліў Францішак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

11 студзеня 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю таварыства Facchini di Santa Rosa – Носьбіты святой Ружы, членам якога даручана несці трыццацімятровую структуру са скульптурай святой Ружы на вяршыні падчас урачыстай працэсіі ў яе гонар, якая штогадова праводзіцца ў італьянскім горадзе Вітэрба.

Францішак уручыў сваім гасцям тэкст прамовы, у якой нагадаў, што карані іх аб’яднання адносяцца да 1258 года, калі па распараджэнні Папы Аляксандра IV рэліквіі святой былі перанесены з горада Поджа ў Вітэрба, дзе да сённяшняга дня захоўваюцца ў санктуарыі, прысвечаным ёй.

Пантыфік заўважыў, што святая Ружа ў вельмі маладым узросце зрабіла выбар на карысць абсалютнай беднасці і прысвяціла сябе міласэрнай любові. Сваім прыкладам яна прыцягвала да Езуса вялікае мноства людзей, стаўшы нават вельмі нязручнай для мясцовых уладаў, якія прагналі яе з горада, разам з яе сям’ёй.

Папа адзначыў, што духоўны досвед святой Ружы не застаўся схаваным, а распаўсюдзіўся яе святло лямпы, што асвятляе ўвесь дом. Ён падкрэсліў, што такія святыя нам патрэбны і сёння: людзі, якія не сядзяць на канапе, але, “палаючы нястрымным жаданнем жыць Евангеллем і абвяшчаць яго, з запалам заражаюць святасцю”.

Францішак заўважыў, што працэсія ў гонар святой Ружы, якая ў 2013 годзе атрымала ад ЮНЕСКА статус “нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва” кожны год прыцягвае ў Вітэрба шмат пілігрымаў і турыстаў. Ён заклікаў сваіх гасцей памятаць, што на першым месцы для іх павінна знаёмства іншых з Евангеллем Езуса праз прыклад святой Ружы, а таксама праз жыццё ў веры, адзінстве, узаемнай павазе і пакоры.
 

11 студзеня 2024, 11:02