Пошук

Папа журналістам: ідзіце супраць плыні, распавядайце пра дабро

У аснове кожнага рэпартажу, артыкула, праграмы павінен быць чалавек, нагадаў Францішак тэле- і радыёжурналістам, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

29 студзеня 2024 года Святы Айцец сустрэўся з кіраўнікамі і супрацоўнікамі тэлеканала TV 2000 і радыёстанцыі inBlu2000 з нагоды 25-годдзя іх заснавання. Разам з газетай Avvenire і інфармацыйным агенцтвам Sir гэтыя сродкі масавай інфармацыі адносяцца да Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Пантыфік адзначыў, што за дзесяць гадоў, якія прайшлі з папярэдняй сустрэчы, шмат што змянілася ў медыя-ландшафце. Тэхналагічныя інавацыі і штучны інтэлект радыкальна змянілі камунікацыйную дзейнасць. У гэтым віры павінны заставацца цвёрдымі некаторыя прынцыпы, як зоркі, на якія трэба арыентавацца, каб не збіцца з курсу, - адзначыў Святы Айцец, запрашаючы гасцей паразважаць над трыма словамі: блізкасць, сэрца і адказнасць.

“Кожны дзень, з дапамогай тэлебачання ці радыё, вы ўваходзіце ў блізкі кантакт з людзьмі. Яны бачаць у вас сяброў, якія нясуць інфармацыю, дазваляюць прыемна праводзіць час ці адкрываць для сябе новыя рэальнасці і месцы, атрымліваць новыя ўражанні”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы журналістаў “працягваць ствараць сеткі, наладжваць сувязі, распавядаць аб тым прыгожым і добрым, што ёсць у нашых супольнасцях”.

Святы Айцец заклікаў супрацоўнікаў СМІ не паддавацца спакусе скарыцца перад дамінуючай логікай ці ўладай або нават ствараць ілжывыя навіны. “Ідзіце супраць плыні, стаптывайце падэшвы і сустракайцеся з людзьмі. [...] І ніколі не забывайцеся пра людзей на ўскраінах, бедных, адзінокіх і, што найгорш, пакінутых”.

Другое слова, на якое звярнуў увагу Францішак, - гэта сэрца, у яго біблейскім і хрысціянскім значэнні. Сацыяльная камунікацыя – гэта мастацтва, у аснове якога ляжыць здольнасць сэрца, якая робіць магчымай блізкасць. Нельга паведамляць аб нейкім факце, браць у кагосьці інтэрв'ю, распавядаць аб чымсьці, не ўкладваючы ў гэта сэрца. Сэрца дазваляе нам казаць праўду, не аддзяляючы яе ад міласэрнасці. “Ніколі не аддзяляйце факты ад сэрца! І яшчэ адно: майце мужнасць! Не выпадкова слова мужнасць (італьянскае coraggio) паходзіць ад сэрца (cor). Тыя, у каго ёсць сэрца, маюць мужнасць адрознівацца ад іншых, быць альтэрнатыўнымі, не ўпадаючы ў палеміку або агрэсію, быць праўдзівымі і годнымі даверу, не навязваючы свой пункт гледжання, быць будаўнікамі мастоў.

Трэцяе слова, пра якое паразважаў Папа, - адказнасць. “Кожны павінен унесці свой уклад у тое, каб інфармацыя была аб'ектыўнай, паважала чалавечую годнасць і клапацілася пра агульнае дабро”. Прафесія тэле- і радыёжурналіста – адна з тых, што маюць характар паклікання. “Вы закліканы быць пасланцамі, якія інфармуюць з павагай і кампетэнтнасцю, супрацьстаяць рознагалоссям і падзелам, заўсёды памятаючы, што ў аснове кожнага рэпартажу, кожнага артыкула, кожнай праграмы ляжыць чалавек”, - нагадаў Пантыфік.

Папа заклікаў журналістаў TV 2000 і inBlu2000 ісці па распачатаму дзесяць гадоў таму назад шляху пераасэнсавання і рэарганізацыі, да якога ў гэтыя дні яны дадалі яшчэ адну частку – новы мабільны дадатак.

29 студзеня 2024, 12:05