Пошук

Святы Айцец: да прагрэсу вядуць вялікія мары

Будаваць лепшую будучыню для свету, падзеленага войнамі і палярызацыяй, заклікаў Францішак членаў арганізацыі DIALOP, якіх прыняў 10 студзеня 2024 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа нагадаў словы аднаго лацінаамерыканскага пісьменніка аб тым, што ў чалавека ёсць два вока: адно звычайнае, а другое шкляное. Першым ён бачыць тое, на што глядзіць, а другім – тое, аб чым марыць. “Не губляйце здольнасць марыць! Сёння, у свеце, падзеленым войнамі і палярызацыяй, мы рызыкуем страціць здольнасць марыць”, - папярэдзіў Святы Айцец, заклікаючы гасцей “не адступаць, не здавацца, не пераставаць марыць аб лепшым свеце”. На яго думку, да прагрэсу прыводзяць “вялікія мары аб свабодзе і роўнасці, аб годнасці і братэрстве, якія з'яўляюцца люстэркам Божай мары”.

Папа даў гасцям тры карысныя, на яго погляд, парады: смела ламаць звыклы ўклад, быць уважлівымі да слабых і спрыяць законнасці.

Па-першае, каб знайсці новыя шляхі для дыялогу, неабходна мужна ламаць звыклы ўклад. У перыяд канфліктаў і расколаў, якія падзяляюць людзей, неабходна “культываваць дыялог і ўменне слухаць з адкрытым сэрцам, не выключаючы нікога, на палітычным, сацыяльным і рэлігійным узроўнях”, - параіў Пантыфік.

Па-другое, быць уважлівымі да слабых. Стаўленне да самых уразлівых служыць “меркай цывілізаванасці”, - нагадаў Папа, дадаючы, што вялікія дыктатуры, напрыклад, нацызм, выракаліся, адхілялі і знішчалі ўразлівых: бедных, беспрацоўных, бяздомных, імігрантаў, эксплуатаваных працоўных і ўсіх тых, каго культура адкідаў ператварае ў адкіды.

“Палітыка, якая сапраўды служыць чалавеку, не можа падпарадкоўвацца фінансавым і рынкавым механізмам. Не. Салідарнасць – гэта не толькі маральная цнота, але і патрабаванне юстыціі”, - зазначыў Францішак, нагадваючы пра неабходнасць “выпраўлення перакосаў” несправядлівых сістэм, у тым ліку шляхам “радыкальнай змены поглядаў на размеркаванне рэсурсаў і роляў паміж людзьмі і народамі”.

Тых, хто займаецца гэтай дзейнасцю, Папа назваў "сацыяльнымі паэтамі". “Бо паэзія – гэта творчасць, а тут гаворка ідзе пра тое, каб паставіць творчасць на службу грамадству, каб яно стала больш чалавечным і братэрскім”.

Нарэшце, спрыяць законнасці. Усё, што было сказана вышэй, магчыма толькі пры ўмове барацьбы з бедствам карупцыі, злоўжывання ўладай і беззаконня. “Толькі на аснове сумленнасці можна ўсталяваць здаровыя адносіны, упэўнена і эфектыўна супрацоўнічаць у пабудове лепшай будучыні”, - сказаў Святы Айцец.

Напрыканцы прамовы Папа падзякаваў гасцям за прыхільнасць дыялогу і пажадаў “мудрасці і мужнасці ў працы ў імя больш справядлівага і мірнага свету”. “Няхай Евангелле Eзуса Хрыста заўсёды натхняе і прасвятляе вашыя даследаванні і дзеянні”, - пажадаў Францішак.

Асацыяцыя DIALOP – гэта некамерцыйная арганізацыя, мэта якой – дыялог хрысціян і людзей левых (сацыялістычных, марксісцкіх) поглядаў. DIALOP імкнецца развіваць і ўкараняць сацыяльную этыку на аснове прынцыпаў марксісцкай сацыяльнай крытыкі і сацыяльнага вучэння Касцёла. Арганізацыя была створана ў 2014 годзе пасля прыватнай аўдыенцыі Францішка з еўрапейскімі палітыкамі Алексісам Цыпрасам і Уолтарам Баэрам, а таксама з прадстаўніком руху факаляраў Францам Кронрайфам. Размова на аўдыенцыі ішла пра экалагічны і сацыяльны крызісы.

10 студзеня 2024, 11:29