Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: пазбягаць няроўнасці ў сферы аховы здароўя

Важна пазбегнуць няроўнасці ў галіне аховы здароўя, клінічнай дапамогі і медыцынскіх даследаванняў, - напісаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў канферэнцыі “Хельсінкская дэкларацыя: даследаванні ва ўмовах недахопу рэсурсаў”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сімпозіўм прайшоў 18-19 студзеня 2024 года ў Ватыкане па ініцыятыве Сусветнай медыцынскай асацыяцыі, Папскай акадэміі жыцця і Амерыканскай медыцынскай асацыяцыі.

Святы Айцец заўважыў, што Хельсінкская дэкларацыя, прынятая ў 1964 годзе, падкрэслівае “фундаментальнае пытанне свабоды і інфармаванай згоды адносна клінічных выпрабаванняў”, спрыяючы пераходу “ад даследаванняў на пацыентах да даследаванняў разам з пацыентамі”.

Папа заклікаў да абароны пацыентаў у новых медыцынскіх умовах, “якія імкліва развіваюцца і ўключаюць у сябе новыя тэхналагічныя і фармацэўтычныя рэсурсы, эканамічныя інтарэсы і камерцыйныя альянсы, а таксама культурны кантэкст, у якім лягчэй распараджацца іншымі для дасягнення сваіх уласных мэт”.

Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на ўразлівасць перад такімі пагрозамі даследаванняў, што праводзяцца ў краінах з нізкім узроўнем даходу. “На міжнародным узроўні мы з’яўляемся сведкамі мноства выпадкаў несправядлівасці, якія ставяць бедныя краіны ў невыгоднае становішча з пункту гледжання доступу да наяўных рэсурсаў і іх выкарыстання, пакідаючы іх на ласку больш заможных краін і прамысловых прадпрыемстваў, якія здаюцца нячулымі да тых, хто не можа сцвердзіць сябе ў эканамічным плане, нават калі на кон пастаўлены фундаментальныя патрэбы і правы”, - напісаў Францішак.

“Вельмі важна пазбегнуць няроўнасці ў галіне аховы здароўя, клінічнай дапамогі і медыцынскіх даследаванняў. Нельга дапусціць, каб клопат пра здароўе (...) быў падпарадкаваны рэдуктыўнаму мысленню рынку і тэхналогій”, - заўважыў Пантыфік, заклікаючы знайсці канкрэтныя рашэнні, каб забяспечыць баланс паміж магчымасцямі даследаванняў і дабрабытам пацыентаў, каб выдаткі на даследаванні і доступ да іх выгодаў былі справядліва размеркаваны.
 

20 студзеня 2024, 14:33