Святы Айцец: пражэрлівасць – пагроза для ўсёй планеты
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 10 студзеня 2024 года ў Ватыкане, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл аб заганах і цнотах, звярнуўшы ўвагу на небяспеку неўмеркаванасці ў ядзе і піцці. Ён нагадаў, што Езус, сваім першым цудам у Кане Галілейскай, дэманструе сваю прыхільнасць да чалавечых радасцяў: Ён паклапаціўся пра тое, каб свята завяршылася добра і падарыў маладажонам вялікую колькасць найсмачнейшага віна.
“Ва ўсім сваім служэнні Езус выяўляецца як прарок, вельмі адметны ад Хрысціцеля: калі Ян запомніўся сваім аскетызмам – ён спажываў тое, што знаходзіў у пустыні – Езус жа, гэта Месія, якога мы часта бачым за сталом. Яго паводзіны выклікалі абурэнне некаторых, бо Ён быў не толькі добразычлівым да грэшнікаў, але нават еў разам з імі; і гэты жэст дэманстраваў Яго жаданне еднасці і блізкасці з усімі”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Папа адзначыў, што адносіны Езуса да яўрэйскіх прадпісанняў паказваюць Яго поўную паслухмянасць Закону, аднак, Ён ставіўся таксама з разуменнем да сваіх вучняў: калі іх злавілі на тым, што яны збіралі каласы ў шабат, Езус апраўдаў іх. “Езус сцвярджае новы прынцып: запрошаныя на вяселле не посцяць, калі жаніх з імі. Езус хоча, каб у Яго кампаніі мы прабывалі ў радасці, але і хоча таксама, каб мы ўдзельнічалі ў Яго пакутах, якія з’яўляюцца таксама пакутамі малых і бедных”, - дадаў Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што Езус сцірае розніцу паміж чыстай і нячыстай ежай, якая існавала ў яўрэйскіх законах, навучаючы таму, што добрай ці дрэннай з’яўляецца не ежа сама па сабе, а нашы адносіны да яе. Папа нагадаў пра выпадкі, калі людзі маюць неўпарадкаваныя адносіны да ежы, становяцца яе нявольнікамі, што прыводзіць да розных хваробаў: анарэксіі, атлусцення і іншых.
“Гаворка ідзе пра хваробы, часта вельмі балючыя, якія звязаны пераважна з псіхічнымі і духоўнымі пакутамі”, - падкрэсліў Папа, адзначаючы, што харчаванне можа сведчыць пра ўнутраны свет чалавека: схільнасць да ўраўнаважанасці або няўмеранасці; здольнасць дзякаваць або напышлівую прэтэнзію на самадастатковасць; суперажыванне тых, хто ўмее дзяліцца ежай з патрабуючымі, або эгаізм тых, хто ўсё назапашвае для сябе. “Вось вельмі важнае сцвярджэнне: “Скажы мне, што ты ясі, і я скажу, якая ў цябе душа”, - дадаў Пантыфік.
Францішак нагадаў, што Айцы Касцёла называлі неўмеркаванасць у ядзе і піцці паняццем “gastrimargia”, якое можна перакласці як “чэравабессе”. Гэта загана звязана з адной з нашых патрэб, неабходных для жыцця, якой з’яўляецца харчаванне.
“Калі мы паглядзім на гэта з сацыяльнага пункту гледжання, то неўмеркаванасць у ядзе і піцці, магчыма, з’яўляецца самай небяспечнай заганай, якая забівае планету. Таму што грэх таго, хто не вытрымаў перад кавалачкам пірагу, не прычыняе вялікай шкоды, але пражэрлівасць, з якой мы на працягу стагоддзяў кідаемся на рэсурсы планеты, ставіць пад пагрозу будучыню ўсіх”, - сказаў Папа, сцвярджаючы, што “чэравабессе” прывяло да таго, што мы страцілі імя “чалавека”, набыўшы назву “спажыўцы”.
“Мы нават не заўважылі, што нехта пачаў нас так называць”, - заўважыў Пантыфік, нагадваючы, што мы былі створаны “эўхарыстычнымі” людзьмі, здольнымі дзякаваць і разважлівымі ў выкарыстанні зямлі, а замест гэтага рызыкуем ператварыцца ў драпежнікаў. “Цяпер мы ўсведамляем, што гэтая форма “абжорства” прычыніла шмат шкоды свету. Давайце папросім Пана, каб Ён падтрымліваў нас на шляху ўмеркаванасці, каб усе формы пражэрлівасці не авалодалі нашым жыццём”, - сказаў Папа на завяршэнне сваёй катэхезы.