Пошук

Святы Айцец: спорт бурыць бар'еры і вучыць братэрству

"У асабліва змрочны гістарычны момант", які перажывае чалавецтва, спорт можа будаваць масты ў падтрымку міру, - сказаў Францішак, прымаючы 13 студзеня 2024 года на аўдыенцыі членаў спартыўнага клуба Athletica Vaticana.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа падзякаваў гасцям за іх "важнае хрысціянскае сведчанне ў свеце спорту". Спорт здольны бурыць бар'еры і спрыяць мірным адносінам, - зазначыў ён, нагадаўшы, што новы 2024 год з'яўляецца алімпійскім і паралімпійскім годам.

Інклюзіўная роля спорту

На думку Пантыфіка, Athletica Vaticana адрозніваецца "стылем, заснаваным на прастаце", а таксама сваёй прыхільнасцю да прасоўвання братэрства, інклюзіўнасці і салідарнасці, сведчачы тым самым аб хрысціянскай веры сярод спартсменаў.

Неад'емнай часткай місіі ватыканскай спартыўнай асацыяцыі з'яўляецца служэнне самым уразлівым. Athletica Vaticana праводзіць ініцыятывы з моладдзю з абмежаванымі магчымасцямі, зняволенымі, мігрантамі, беднымі сем'ямі. У гэтых сустрэчах удзельнічаюць таксама алімпійскія і паралімпійскія чэмпіёны, дыпламаты і члены курыі.

Па словах Святога Айца, спорт – гэта сродак пабудовы грамадства. На спартыўным полі паходжанне, мова ці культура чалавека не маюць значэння. Галоўнае – гэта самааддача і агульная мэта. Спартыўная салідарнасць служыць магутнай метафарай для нашага жыцця. Яна нагадвае нам, што, нягледзячы на нашы адрозненні, мы ўсе члены адной чалавечай сям'і. “Спорт здольны аб'ядноўваць людзей, незалежна ад іх фізічных, эканамічных ці сацыяльных магчымасцяў. Гэта інструмент інклюзіўнасці, які разбурае бар'еры і праслаўляе разнастайнасць”, - падкрэсліў Папа.

Спорт – гэта школа жыцця

Спартыўная гульня вучыць таму, што правілы павінны выконвацца. Спорт вучыць перамагаць з пакорай і прайграваць з годнасцю. Гэта тыя каштоўнасці, якімі “неабходна жыць у паўсядзённым жыцці, каб пабудаваць больш справядлівае і братэрскае грамадства". Спорт – гэта школа вернасці, мужнасці, вынослівасці, рашучасці, усеагульнага братэрства, - нагадаў Святы Айцец.

Спорт таксама вучыць нас таму, што мы можам цярпліва і рашуча пераадольваць нашы абмежаванні. Кожны спартсмен сваёй дысцыплінай і самааддачай вучыць нас, што і мы з дапамогай веры і настойлівасці можам дасягнуць мэтаў, якія лічылі недасягальнымі. “Гэта пасланне надзеі і мужнасці мае важна значэнне, асабліва для моладзі”, - падкрэсліў Францішак.

У заключэнне, Папа заахвоціў спартсменаў “разглядаць спорт як жыццёвы шлях", які дапамагае стварыць "больш спрыяльную супольнасць" і прасоўваць каштоўнасці хрысціянскага жыцця: вернасць, ахвярнасць, камандны дух, адданасць, уцягнутасць, аскетызм.

13 студзеня 2024, 11:07