Пошук

Папа: захапіцца прыгажосцю, якую Божае слова прыносіць у жыццё

“Вернемся да крыніц, каб даць свету жывую ваду, якой ён не можа знайсці; і пакуль грамадства і сацыяльныя сеткі робяць упор на слоўнае насілле, давайце трымацца лагоднасці Слова, якое збаўляе”, - заахвоціў Францішак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З нагоды V Нядзелі Божага Слова, якая адзначалася ў Касцёле 21 студзеня 2024 года, Папа ўзначаліў урачыстую святую Імшу ў ватыканскай базіліцы. У ёй бралі ўдзел каля пяці тысяч чалавек. У дар ад Пантыфіка яны атрымалі па асобніку спецыяльнага выдання Евангелля святога Марка. Падчас літургіі Францішак здзейсніў абрад устанаўлення на паслугі лектарату і катэхета свецкіх вернікаў з розных частак свету. У гаміліі ён заклікаў паставіць Святое Пісанне ў цэнтр асабістага і супольнага жыцця.

Святы Айцец спаслаўся на літургічныя чытанні пра пакліканне прарока Ёны і першых вучняў Хрыста, звяртаючы ўвагу на сілу Божага слова, якое прыцягвае людзей да Бога і скіроўвае да іншых. Божае слова адкрывае новыя сцэнары і гарызонты, робіць нас пасланнікамі і сведкамі Бога ў свеце, - адзначыў ён.

Францішак падкрэсліў, што як хрысціяне мы не можа абысціся без Божага слова, яго пяшчотнай сілы, якая кранае сэрца, пранікае ў душу, аднаўляе яе супакоем Езусам, прымушае непакоіцца за іншых. Менавіта сустрэча з Божым словам адыграла вырашальнае значэнне ў навяртанні шматлікіх святых, такіх як святы Антоній, святы Аўгусцін, святы Францішак ці святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, - нагадаў Пантыфік.

“Усе гэтыя жыцці былі пераменены словам жыцця, словам Пана. Але я задаюся пытаннем: чаму з многімі з нас не адбываецца тое самае?”, - спытаў Папа, адзначаючы, што, магчыма, прычына гэтага заключаецца ў павярхоўным слуханні Божага слова. Ён падкрэсліў, што чытанне Святога Пісання павінна суправаджацца малітвай, каб “у нас магло здзейсніцца тое, што мела месца ў жыцці першых вучняў”, якія “пакінулі сеткі і пайшлі” за Хрыстом.

Францішак нагадаў, што Божае слова прымусіла апосталаў пакінуць былое жыццё і так павінна адбывацца з сучаснымі хрысціянамі, бо Божае слова, вызваляючы людзей ад цяжару мінулага і сучаснасці, робіць сталымі ў праўдзе і любові: яно ажыўляе сэрца, узрушвае яго, ачышчае ад крывадушнасці і напаўняе яго надзеяй.

“Няхай Нядзеля Божага Слова дапаможа нам з радасцю вярнуцца да крыніцы веры, якая нараджаецца са слухання Езуса, Слова жывога Бога. У той час як мы пастаянна кажам і чытаем словы пра Касцёл, няхай яна дапаможа нам нанова адкрыць Слова жыцця, якое гучыць у Касцёле. Інакш мы будзем больш гаварыць пра сябе, чым пра Яго, і вельмі часта ў цэнтры будуць знаходзіцца нашы ўласныя думкі і праблемы, а не Хрыстус і Яго слова. Давайце вернемся да крыніц, каб даць свету жывую ваду, якую ён не можа знайсці; і пакуль грамадства і сацыяльныя сеткі робяць упор на слоўнае насілле, давайце будзем трымацца лагоднасці Слова, якое збаўляе, якое з’яўляецца ціхім, не ўздымае голасу, а ўваходзіць у сэрца”, - заахвоціў Пантыфік.

Францішак прапанаваў прысутным задумацца пра тое, якое месца займае Божае слова ў іх жыцці, як часта чытаюць яго, і заахвоціў прачытаць хаця б адно з чатырох Евангелляў цалкам. “Дазволім захапіць сабе прыгажосцю, якую Божае слова прыносіць у жыццё”, - сказаў ён на заканчэнне сваёй гаміліі.
 

21 студзеня 2024, 12:00