Пантыфік: сцерагчыся смутку, які вядзе да песімізму і эгаізму
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец прысвяціў катэхезу загане смутку, “які разумеецца як прыгнечанасць душы, пастаянная пакута, што перашкаджае чалавеку адчуваць радасць у сваім жыцці”. Ён нагадаў, што існуюць два віды смутку. Першы – адпаведны хрысціянскаму жыццю, які з Божай ласкай можа ператварыцца ў радасць: яго, відавочна, не трэба адкідаць і ён з’яўляецца часткай шляху навяртання. “Але ёсць і другі від смутку, які запаўзае ў душу і кідае яе ў стан прыгнечанасці: менавіта з гэтым другім смуткам трэба змагацца”, - сказаў Папа.
Гаворачы пра “сяброўскі смутак, які вядзе нас да збаўлення”, Пантыфік паставіў у прыклад блуднага сына з евангельскай прыпавесці, які, дасягнуўшы дна свайго выраджэння, адчуў моцную горыч, і вырашыў вярнуцца ў дом бацькі. “Гэта ласка – плакаць над сваімі грахамі, згадваць стан ласкі, з якога мы выпалі, аплакваць, чысціню, у якой нас задумаў Бог”, - дадаў Францішак.
Другі від смутку Папа назваў хваробай душы. Ён нараджаецца ў сэрцы чалавека, калі не спаўняецца пэўнае жаданне ці надзея. Пантыфік паставіў у прыклад гісторыю пра вучняў з Эмаус, які пакінулі Ерузалем з расчараванымі сэрцамі і ў пэўны момант прызналіся незнаёмцу, у якім не пазналі Хрыста: “А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль” (Лк 24, 21)”.
“Дынаміка смутку звязана з досведам страты. У сэрцы чалавека зараджаюцца спадзяванні, якія часам разбіваюцца. Гэта можа быць жаданне валодаць чымсьці, што немагчыма атрымаць; але і нешта важнае, напрыклад, страта кагосьці блізкага. Калі гэта здараецца, сэрца чалавека нібы зрываецца ў прорву, а пачуцці, якія ён адчувае – гэта знясіленне, слабасць духу, прыгнечанасць, туга. Усе мы перажываем выпрабаванні, якія спараджаюць у нас смутак, таму што жыццё дорыць нам мары, якія потым разбіваюцца ўшчэнт. У гэтай сітуацыі нехта, пасля перыяду смутку, давярае надзеі; але іншыя занураюцца ў меланхолію, дазваляючы ёй выклікаць амярцвенне ў сэрцы”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што смутак з’яўляецца асалодай ад незадаволенасці.
Францішак заўважыў, што пастаяннае прабыванне чалавека ў горкім, пакрыўджаным стане, прыняцце выгляду ахвяры, “не стварае ў нас здаровага жыцця, а тым больш хрысціянскага”. “У мінулым кожнага ёсць нешта, што патрабуе аздараўлення. Смутак можа ператварыцца з натуральнай эмоцыі ў згубны стан душы”, - папярэдзіў Францішак.
Папа адзначыў, што дэман смутку – гэта падступны дэман, якога айцы-пустэльнікі апісвалі як “чарвяка сэрца, што раз’ядае і спусташае тых, хто яго ўпускае”. “Мы павінны быць уважлівымі да такога смутку і думаць пра тое, што Езус прыносіць нам радасць уваскрасення”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы заўсёды аналізаваць прыроду ўласнага смутку і памятаць, што ён можа прывесці да песімізму і эгаізму, які цяжка вылечыць.