Францішак: бітву з духоўнай лянотай трэба выйграць любой цаной
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак заўважаў, што з прычыны сваёй назвы загана акедыі часта бывае мала зразумелай, таму ў спісе грахоў называецца проста “лянотай”. На самой жа справе, лянота – “гэта ў большай ступені наступства, чым прычына”. “Калі чалавек прабывае ў бяздзейнасці, маркотны, апатычны – мы кажам, што ён лянівы. Але, як вучыць мудрасць старажытных айцоў-пустэльнікаў, часта прычына гэтага ў акедыі, якая на грэчаскай мове даслоўна азначае “бесклапотнасць”, - дадаў ён.
“Гаворка ідзе пра вельмі небяспечную спакусу. Той, хто становіцца яе ахвярай – нібы раздаўлены жаданнем смерці: адчувае агіду да ўсяго; адносіны з Богам для яго становяцца нуднымі; і нават самыя святыя ўчынкі, якія калісьці сагравалі сэрца, цяпер здаюцца яму цалкам бескарыснымі”, - сказаў Святы Айцец.
Францішак нагадаў, што акедыю называюць “паўдзённым дэманам”, бо яна ахоплівае нас пасярод дня, калі стомленасць дасягае піку, а гадзіны наперадзе здаюцца манатоннымі і нязноснымі. Такі стан можа нагадваць дэпрэсію, як з псіхалагічнага, так і з філасофскага пункту гледжання.
“Сапраўды, для тых, хто ахоплены акедыяй, жыццё губляе сэнс, малітва становіцца сумнай, кожная бітва здаецца бессэнсоўнай. Калі яшчэ ў маладосці мы песцілі жаданні, то цяпер яны здаюцца нам нелагічнымі, марамі, якія не зрабілі нас шчаслівымі”, - сказаў Папа, дадаючы, што ў такой сітуацыі чалавек бачыць адзіным выйсцем не думаць ні пра што, а “гэта крыху падобна да ранняй смерці”.
Францішак заўважыў, што духоўныя настаўнікі прапануюць розныя сродкі ад гэтай заганы. Сярод іх Папа асаблівым чынам вылучыў цярплівасць веры. “Нягледзячы на тое, што пад ударам акедыі чалавек жадае быць “у нейкім іншым месцы”, уцячы ад рэальнасці, мы павінны замест гэтага мець мужнасць застацца і прыняць у маё “тут і цяпер”, у маю сітуацыю, як яна ёсць, прысутнасць Бога”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што “дэман акедыі хоча знішчыць менавіта гэтую простую радасць тут і цяпер, гэтае ўдзячнае здзіўленне рэчаіснасцю”; ён хоча, прымусіць нас паверыць у тое, “што ўсё дарэмна, што нішто не мае сэнсу, што нішто ці ніхто не варты клопату”.
Папа адзначыў, што людзі, апынуўшыся ў палоне акедыі, неразумным чынам пакідаюць шлях дабра, які пачалі. “Бітва з акедыяй – вырашальная бітва, якую трэба выйграць любой цаной. І гэта бітва, якая не абышла бокам нават святых, таму што ў многіх іх дзённіках ёсць старонкі, якія апісваюць жудасныя моманты, сапраўдныя ночы веры, дзе ўсё здавалася цёмным. Гэтыя святыя вучаць нас ісці праз ноч з цярплівасцю, прымаючы беднасць веры. Яны раілі, калі знаходзімся пад прыгнётам акедыі, захоўваць мінімальную долю намаганняў, ставіць больш дасягальныя мэты, але ў той жа час супраціўляцца, трываць, абапіраючыся на Езуса, які ніколі не пакідае нас у спакусе”, - дадаў Францішак.
“Вера, выпрабаваная акедыяй, не губляе сваёй каштоўнасці. Больш за тое, гэта сапраўдная вера, найбольш чалавечная вера, якая, нягледзячы ні на што, нягледзячы на цемру, якая яе асляпляе, працягвае пакорна трываць. Менавіта гэта вера заўсёды застаецца ў сэрцы, як вуглі пад попелам, і калі нехта спакусіцца і трапіць у роспач, няхай зазірне ўсярэдзіну і паспрабуе захаваць вугалькі веры”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.