Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак: будаўніцтва міру – абавязак усёй чалавечай сям’і

Супрацоўнічаць у справе будаўніцтва міру з дапамогай жэстаў спагады і адвагі, заклікаў Папа на заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якую правёў 4 лютага 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“10 лютага ва Усходняй Азіі і ў розных частках свету мільёны сем’яў будуць святкаваць Новы год па месяцовым календары. Сардэчна вітаю іх з надзеяй на тое, што гэтая ўрачыстасць стане магчымасцю перажыць цёплыя адносіны і жэсты ўвагі, якія паспрыяюць стварэнню салідарнага і братэрскага грамадства, дзе кожны чалавек прызнаецца і прымаецца ў сваёй неад’емнай годнасці. Просячы аб благаслаўленні Пана для ўсіх, я заклікаю вас маліцца за мір, якога прагне свет і які сёння больш чым калі-небудзь знаходзіцца пад пагрозай у многіх месцах. Гэта абавязак не некаторых, але ўсёй чалавечай сям’і: давайце ўсе будзем супрацоўнічаць у яго будаўніцтве з дапамогай жэстаў спагады і адвагі!”, - заахвоціў Папа.

Францішак заклікаў таксама працягваць маліцца за народы, якія пакутуюць ад вайны, асабліва ва Украіне, Палесціне і Ізраілі.

Пантыфік заўважыў, што 4 лютага ў Італіі адзначаецца Дзень на карысць жыцця. Ён заклікаў да пераадолення “ідэалагізаваных поглядаў, каб адкрыць нанова, што кожнае чалавечае жыццё, нават пазначанае абмежаваннямі, мае вялізарную каштоўнасць і здольнае дарыць нешта іншым”.

Спасылаючыся на Сусветны дзень малітвы і рэфлексіі супраць гандлю людзьмі, які будзе адзначацца 8 лютага, Папа заўважыў, што “таксама і сёння многія браты і сёстры, падманутыя фальшывымі абяцаннямі, падвяргаюцца эксплуатацыі і злоўжыванням”. “Давайце аб’яднаемся ўсе, каб супрацьстаяць драматычнаму глабальнаму феномену гандлю людзьмі”, - заклікаў Святы Айцец.

04 лютага 2024, 12:38