Пошук

Святы Айцец: ці мы яшчэ здольныя жыць чаканнем Пана?

Святы Айцец заклікаў кансэкраваных асоб быць настойлівымі ў чаканні прыйсця Пана, а таксама папярэдзіў пра небяспеку занядбання духоўнага жыцця і прыстасавання да стылю гэтага свету.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 2 лютага 2022 года ў ватыканскай базіліцы святога Пятра Францішак узначаліў урачыстую літургію з нагоды свята Ахвяравання Пана і ХХVIІІ Сусветнага дня кансэкраванага жыцця. Яна распачалася працэсіяй са свечкамі, у якой бралі ўдзел шматлікія прадстаўнікі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, прысутныя ў Рыме.

У гаміліі Пантыфік указаў на прыклад евангельскіх Сімяона і Ганны, якія з цярплівасцю, бадзёрасцю духа і трываласцю ў малітве чакалі прыйсця Пана. Гэта былі пажылыя людзі, але яны мелі “маладосць у сэрцах”, падобных да “заўсёды запаленай паходні”; пазналі шмат цяжкасцей у жыцці, але не “адправілі на пенсію” надзею, таму дачакаліся прыйсця Месіі і былі здольнымі распазнаць і прыняць Яго.

“Браты і сёстры, чаканне Бога важнае таксама для нас, для нашага шляху веры. Кожны дзень Пан наведвае нас, прамаўляе да нас, адкрываецца нечаканым чынам, а напрыканцы жыцця і часоў, прыйдзе. Таму Ён сам заклікае нас заставацца бадзёрымі, чуваць, быць упартымі ў чаканні. Найгоршае, што можа здарыцца з намі, гэта слізгануць у “духоўны сон”: усыпіць сэрца, зрабіць нячулай душу, заархівіраваць надзею ў цёмных кутках расчаравання і роспачы”, - папярэдзіў Папа.

“Я думаю пра вас, кансэкраваныя браты і сёстры, пра дар, якім вы з’яўляецеся, думаю пра ўсіх нас, сучасных хрысціян: ці мы яшчэ здольныя жыць чаканнем? Ці не занадта мы занятыя самімі сабой, рэчамі і напружаным рытмам штодзённага жыцця, забываючыся пра Бога, які заўсёды прыходзіць? Ці не занадта мы захапляемся нашымі добрымі справамі, рызыкуючы ператварыць таксама манаскае і хрысціянскае жыццё ў “шмат спраў, якія трэба рабіць” і занядбоўваючы штодзённы пошук Пана? Ці не рызыкуем мы часам планаваць асабістае і супольнае жыццё на разліку магчымага поспеху, замест таго, каб з радасцю і пакорай вырошчваць маленькае зерне, даверанае нам, з цярплівасцю тых, хто сее, не прэтэндуючы ні на што, і тых, хто ўмее чакаць часоў і сюрпрызаў Бога? Мы павінны прызнаць, што часам губляем гэту здольнасць чакання. Гэта залежыць ад розных перашкод, і сярод іх я хацеў бы падкрэсліць дзве”, - сказаў Папа.

У першую чаргу Пантыфік згадаў занядбанне духоўнага жыцця. “Гэта здараецца, калі стомленасць бярэ верх над здзіўленнем, калі звычка замяняе энтузіязм, калі мы губляем настойлівасць на духоўным шляху, калі негатыўны досвед, канфлікты або плёны, якія, здаюцца запозненымі, ператвараюць нас у сумных і азлобленых людзей”, - сказаў Папа, нагадваючы, што ў манаскай супольнасці – як і ў кожнай іншай – азлобленыя і змрочныя людзі “робяць цяжкім паветра”. “Таму неабходна аднавіць страчаную ласку: праз інтэнсіўнае духоўнае жыццё вярнуцца да духу радаснай пакоры, маўклівай удзячнасці”, - адзначыў Пантыфік, заклікаючы практыкаваць адарацыю і “канкрэтную малітву, якая змагаецца і заступаецца, здольную абудзіць жаданне Бога, былую любоў, захапленне першага дня і водар чакання”.

Другая небяспека – гэта прыстасаванне да стылю свету, якому ўласцівыя хуткі рытм, жаданне “ўсяго і адразу”, празмерны актывізм, барацьба з жыццёвымі страхамі і трывогамі ў “язычніцкіх капішчах спажывецтва і забавах любым коштам”. Папа адзначыў, што ў такіх умовах чаканне нялёгкае, бо яно патрабуе “здаровай пасіўнасці, мужнасці запавольвацца, не дазваляць быць прыгнечанымі дзейнасцю, вызваляць у сабе месца для дзеяння Бога, як вучыць хрысціянская містыка”.

“Таму будзем уважлівымі, каб дух свету не ўвайшоў у нашы манаскія супольнасці, касцёльнае жыццё і шлях кожнага з нас, інакш мы не прынясём плёну. Хрысціянскаму жыццю і апостальскай місіі патрэбна чаканне, выспелае ў малітве і штодзённай вернасці, каб вызваліць нас ад міфа аб эфектыўнасці, ад апантанасці ўтрыманнем і, перш за ўсё, ад прэтэнзіі замкнуць Бога ў нашых катэгорыях, таму што Ён заўсёды прыходзіць непрадказальна, у часы, якія не з’яўляюцца нашымі, і не такім чынам, якім чакаем мы”, - сказаў Папа, заклікаючы культываваць “малітву чакання” і навучыцца добрай “пасіўнасці Духа”, каб быць здольнымі адкрыцца на навіну Бога.
 

02 лютага 2024, 18:10