Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да рымскіх дыяканаў: жывіце для таго, каб служыць

З заахвочваннем служыць і гаварыць на мове блізкасці звярнуўся Францішак да дыяканаў, якія рыхтуюцца стаць святарамі ў Рымскай дыяцэзіі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сувязі з адменай аўдыенцый, запланаваных на 24 лютага 2024 года, з-за лёгкай прастуды Папы, тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы быў уручаны яе адрасатам.

У ім гаворыцца аб тым, што пастырскае жыццё – гэта “штодзённае дарэнне” і “эўхарыстычная прыгода”. Дыяканат – гэта база, на якой асноўваецца святарства ў духу служэння. “Вы будзеце святарамі, каб служыць, як Езус, які “не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё", - напісаў Пантыфік.

Мова блізкасці

На думку Папы, дзеяслоў служыць адмаўляе любую абстрактнасць: ён азначае “быць даступным, адмовіцца ад жыцця ў адпаведнасці са сваім уласным парадкам дня, быць гатовым да Божых сюрпрызаў, якія праяўляюцца ў людзях, непрадбачаных абставінах, зменах раскладу, сітуацыях, якія выходзяць за рамкі нашых шаблонаў і таго, што мы вывучалі". Гэта пастаяннае служэнне, гутарка на "мове блізкасці", гаворка на мове “фактаў больш, чым словаў”.

Супрацоўніцтва

Францішак развянчаў ідэю аб тым, што, стаўшы святаром, дыякан зможа адразу рэалізаваць "тое, чаго ён жадаў на працягу многіх гадоў, нарэшце, у сваім уласным стылі і ў адпаведнасці са сваімі ідэямі". "Спачатку Касцёл запрашае не быць лідарамі, а супрацоўнічаць", "працаваць разам", - папярэдзіў Святы Айцец, нагадваючы будучым святарам пра братэрства, вернасць і паслухмянасць. Святарства – гэта заклік быць "харыстамі, а не салістамі, братамі і святарамі для ўсіх, а не толькі для сваёй групы”.

Першынство Духа

Пантыфік параіў дыяканам працягнуць навучанне "не ў адзіночку, а заўсёды ў кантакце з тымі, хто, закліканы суправаджаць вас, хто прайшоў даўжэйшы шлях служэння". Акрамя таго, не разлічваць толькі на свае сілы, а памятаць пра першынство Святога Духа і, чэрпаючы радасць у Пане, “не выпускаць з-пад увагі вечную прыгажосць святарскага жыцця". Толькі так можна пераадолець небяспеку адчування “горычы і незадаволенасці тым, што ідзе не так, як нам хацелася б", - адзначыў Святы Айцец.

24 лютага 2024, 13:59