Пошук

Святы Айцец: літургія – ідэальная прастора для сустрэчы з Хрыстом

Папа пажадаў, каб святары былі здольнымі “весці народ на добрыя пашы літургічнай цэлебрацыі, дзе абвяшчэнне памерлага і ўваскрослага Хрыста становіцца канкрэтным досведам Яго прысутнасці, які змяняе жыццё”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

8 лютага 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў канферэнцыі аб літургічнай фармацыі духавенства і свецкіх вернікаў, арганізаванай у Ватыкане Дыкастэрыяй па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Яна адбылася ў кантэксце 60-годдзя канстытуцыі аб святой Літургіі Sacrosantum Concilium, прынятай на Другім Ватыканскім Саборы.

Папа спаслаўся на ўступ да гэтага дакумента, дзе саборавыя айцы выразна апісалі мэты Сабора і фундаментальныя вымярэнні рэформы Касцёла: з кожным днём развіваць хрысціянскае жыццё сярод вернікаў; лепей дастасоўваць да патрэб нашага часу тыя інстытуцыі, якія падлягаюць зменам; падтрымліваць усё, што можа аблегчыць аб’яднанне ўсіх веруючых у Хрыста; умацоўваць тое, што дапамагае заклікаць усіх людзей ва ўлонне Касцёла.

Пантыфік адзначыў, што гаворка ішла пра глыбокую працу па духоўным, пастырскім, экуменічным і місійным абнаўленні, а Айцы Сабора добра ведалі, што для яе ажыццяўлення трэба было пачаць з “аднаўлення і развіцця Літургіі”, бо “без літургічнай рэформы няма рэформы Касцёла”.

“Мы можам зрабіць такое сцвярджэнне толькі ўсведамляючы, чым з’яўляецца літургія ў тэалагічным сэрцы, як гэта цудоўным чынам акрэсліваюць першыя радкі Канстытуцыі. Касцёл, які не адчувае гарачага жадання духоўнага росту, які не імкнецца прамаўляць зразумелым чынам для людзей свайго часу, які не пакутуе з прычыны падзелу паміж хрысціянамі, які не палае жаданнем абвяшчаць Хрыста людзям – гэта хворы Касцёл”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў таксама, што рэформа Касцёла немагчыма без “абноўленай сустрэчы з Хрыстом”. “Таму саборавыя айцы ведалі, што павінны паставіць у цэнтр літургію, бо гэта ідэальная прастора, дзе можна сустрэць жывога Хрыста”, - дадаў ён.

Пантыфік адзначыў, што мэта літургічнай рэформы ў больш шырокім кантэксце абнаўлення Касцёла заключаецца ў тым, каб “выклікаць такую фармацыю вернікаў і развіваць такую пастырскую дзейнасць, кульмінацыяй і крыніцай якой з’яўляецца святая Літургія”.

Францішак звярнуў увагу на патрэбу ў літургічнай фармацыі святароў, якія ў сілу свайго пасвячэння, пакліканы “ўзяць за руку і суправаджаць вернікаў у пазнанні святых таямніц”. “Таму заахвочваю вас працягваць вашы намаганні, каб пастыры былі здольнымі весці народ на добрыя пашы літургічнай цэлебрацыі, дзе абвяшчэнне памерлага і ўваскрослага Хрыста становіцца канкрэтным досведам Яго прысутнасці, які змяняе жыццё”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік пажадаў, каб былі распрацаваць фармацыйныя праграмы і для ўсяго Божага народа. Ён нагадаў, што нагодай для літургічнай фармацыі вернікаў могуць быць нядзельныя і святочныя цэлебрацыі, а таксама іншыя падзеі на працягу літургічнага года. “Дарагія, ваша заданне – вялікае і цудоўнае: працаваць, каб Божы народ узрастаў ва ўсведамленні і радасці сустрэчы з Панам, цэлебруючы святыя таямніцы, і сустракаючы Яго, меў жыццё ў Яго імя”, - падкрэсліў Папа.
 

08 лютага 2024, 10:35