Пошук

Францішак папярэдзіў пра небяспеку зайздрасці і славалюбства

Зайздрасць і славалюбства былі тэмамі катэхезы Папы падчас агульнай аўдыенцыі, якая 28 лютага 2024 года прайшла ў Ватыкане. У сувязі з прастудай Пантыфіка яе прачытаў мансеньёр Філіпа Чампанэлі з Дзяржсакратарыяту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак нагадаў, што зайздрасць належыць да найстаражытнейшых заган, пра што сведчыць біблійная гісторыя Каіна да Абэля. Ён заўважыў, што Каін быў першынцам Адама і Евы, атрымаў большую частку спадчыны свайго бацькі, але, было дастаткова аднаго поспеху ў пачынанні яго малодшага брата, каб ён пахмурнеў.

“Твар зайздросніка заўсёды сумны: яго позірк апушчаны, ён быццам бесперапынна разглядае зямлю, але на самой справе нічога не бачыць, таму што яго розум агорнуты думкамі, поўнымі злосці. Зайздрасць, калі яе не кантраляваць, прыводзіць да нянавісці да іншых. Абэль будзе забіты рукамі Каіна, які не вытрымаў шчасця брата”, - нагадаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што ў аснове зайздрасці ляжаць адносіны нянавісці і любові: мы хочам, каб іншы быў дрэнным, але ўпотай жадаем быць падобнымі да яго. “Іншы выяўляе тое, кім хацелі б быць мы, і кім на самой справе не з’яўляемся. Яго ўдача здаецца нам несправядлівасцю: мы думаем, што, напэўна, значна больш заслужылі яго поспехаў ці шчасця!”, - падкрэсліў Пантыфік.

На думку Святога Айца, “у корані гэтай заганы ляжыць памылковае ўяўленне пра Бога: нязгода з тым, што ў Яго ёсць свая “матэматыка”, адрозная ад нашай”. Францішак паставіў у прыклад евангельскую прыпавесць пра гаспадара вінаградніку, які загадаў аднолькава заплаціць тым, якія прыйшлі працаваць першыя, і тым, якія прыйшлі апошнія.

“Мы хацелі б навязаць Богу сваю эгаістычную логіку, але Божая логіка – гэта любоў. Даброты, якія Ён дае нам, створаны для таго, каб імі дзяліцца. Вось чаму святы Павел заклікае хрысціян: “Любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці” (Рым 12, 10). Вось сродак ад зайздрасці!”, - параіў Святы Айцец.

Пераходзячы да другой заганы – славалюбства – Францішак заўважыў, што яна “ідзе поруч з дэманам зайздрасці”, і разам яны “ўласцівыя людзям, якія імкнуцца быць цэнтрам свету, быць вольнымі выкарыстоўваць усё і ўсіх, быць аб’ектам усякай хвалы і любові”. “Славалюбства – гэта завышаная і беспадстаўная самаацэнка. У славалюбнага чалавека вялікае “я”: ён не мае эмпатыі і не ўсведамляе, што акрамя яго ў свеце ёсць іншыя людзі. Яго адносіны заўсёды ўтылітарысцкія, характарызуюцца прыгнятаннем іншых. Яго асоба, яго подзвігі, яго поспехі павінны быць паказаны ўсім: ён няспынна дамагаецца ўвагі да сябе. І калі часам яго якасці не ацэньваюць, ён становіцца люта злым”, - адзначыў Папа.

Францішак заўважыў, што загана славалюбства мае лек у самой сабе: хвала, якую славалюбны чалавек, спадзяецца атрымаць ад свету, хутка абарочваецца супраць яго. “Колькі людзей, уведзеных у зман фальшывым вобразам саміх сябе, потым упалі ў грахі, якіх хутка пасаромеліся!”, - дадаў ён.

Папа падкрэсліў, што найцудоўнейшы ўрок перамогі над славалюбствам можна знайсці ў сведчанні святога Паўла. Апостал заўсёды памятаў пра загану, якую ніколі не мог пераадолець. “Ён тройчы прасіў Пана вызваліць яго ад гэтай мукі, але напрыканцы Езус адказаў яму: “Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці”. З гэтага дня Павел быў вызвалены. І яго выснова павінна стаць і нашай: “Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста” (2 Кар 12, 9).
 

28 лютага 2024, 10:26

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >