Пошук

Францішак праводзіць пасяджэнне Рады кардыналаў

5-6 лютага 2024 года ў Ватыкане праходзіць сустрэча Рады кардыналаў. У пасяджэнні прымаюць удзел усе кардыналы-дарадчыкі на чале з Папам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Раніца 5 лютага была прысвечана паглыбленню разважанняў пра ролю жанчын у Касцёле. З дакладамі выступілі сястра Лінда Почар, з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, выкладчыца хрысталогіі і марыялогіі Папскага факультэта адукацыйных навук Auxilium у Рыме, Джуліва дзі Берардзіна, кансэкраваная свецкая верніца з дыяцэзіі Вероны, выкладчыца і кіраўніца курсаў духоўнасці і духоўных практыкаванняў, а таксама доктар Джо Бэйлі Уэлс, епіскап Англіканскай царквы і намесніца Генеральнага сакратара Англіканскай супольнасці. У далейшым ходзе сустрэчы, якая працягнецца 6 лютага, Рада засяродзіцца на іншых пытаннях.

На мінулым снежаньскім пасяджэнні асноўная ўвага была ўдзелена такім тэмам, як роля жанчын у Касцёле, канфлікты ва Украіне і ў Святой Зямлі, канферэнцыя па клімату COP28, якая ў той час праходзіла ў Дубаі, ініцыятывы па прадухіленні злоўжыванняў дзецьмі і ўразлівымі людзьмі, Сінод і рэалізацыя апостальскай канстытуцыі Praedicate evangelium у дыяцэзіяльных курыях.

Рада кардыналаў была створана Францішкам 28 верасня 2013 года. Яе задача – дапамагаць Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і ў правядзенні рэформы Рымскай курыі. Першае пасяджэнне Рады адбылося ў Ватыкане 1 кастрычніка 2013 года.

7 сакавіка 2023 года Святы Айцец абнавіў склад Рады кардыналаў. У яе склад цяпер уваходзяць: П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы; Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан; Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга; Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Мумбая з Індыі; Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп Бостана з ЗША; Хуан Хасэ Амэлья-і-Амэлья, арцыбіскуп Барселоны з Іспаніі; Жэрар Лакруа, арцыбіскуп Квебека з Канады; Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга; Серджыу да Роша, арцыбіскуп Сан-Салвадора-да-Бая з Бразіліі. Сакратаром Рады з'яўляецца італьянскі біскуп Марка Мэліна. Першая сустрэча абноўленай структуры адбылася 24-25 красавіка 2023 года.

06 лютага 2024, 10:30