Пошук

Папа Францішак Папа Францішак  (ANSA)

Пантыфік: у аснове Fiducia supplicans ляжыць сардэчнасць

Дэкларацыя Fiducia supplicans, касцёльныя рухі і роля жанчын у Касцёле – такія тэмы закрануў Францішак у інтэрв'ю італьянскаму часопісу Credere.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"У Касцёле ёсць месца для ўсіх, усіх, усіх!” – Францішак неаднаразова паўтараў гэтыя словы (у Лісабоне на Сусветных днях моладзі і ў іншых выпадках), каб пацвердзіць прынцып ветлівасці, які ляжыць у аснове пастырскай місіі Касцёла.

Гэтымі ж словамі ён патлумачыў і магчымасць благаслаўляць людзей, якія знаходзяцца ў так званых неўрэгуляваных адносінах, у тым ліку і гомасэксуальных. Аб гэтай магчымасці гаворыцца ў дактрынальнай дэкларацыі Fiducia supplicans, апублікаванай у снежні 2023 года.

У інтэрв'ю італьянскаму штотыднёваму часопісу Credere, якое выйшла 8 лютага 2024 года, Францішак зноў вярнуўся да тэмы благаслаўленняў, якая выклікала розныя рэакцыі і дыскусіі.

"Я не благаслаўляю гомасэксуальны шлюб, я благаслаўляю двух чалавек, якія любяць адзін аднаго, і таксама прашу іх маліцца за мяне", - патлумачыў Папа ў гутарцы з рэдактарам часопіса, айцом Вінчэнца Вітале.

"На споведзі, калі ўзнікаюць такія сітуацыі – прыходзяць гомасэксуалісты, людзі, якія ўступілі ў паўторнае сужэнства, – я заўсёды малюся і благаслаўляю. Нікому нельга адмаўляць у благаслаўленні. Усіх, абсалютна ўсіх. Майце на ўвазе, я кажу пра людзей: пра тых, хто здольны прыняць хрост", - заўважыў Святы Айцец.

"Самыя цяжкія грахі – тыя, якія хаваюцца пад маскай анёльскай знешнасці. Ніхто не абураецца, калі я благаслаўляю прадпрымальніка, які, магчыма, эксплуатуе людзей, а гэта вельмі цяжкі грэх. А калі я ўдзяляю яго гомасэксуалісту, гэта выклікае шок... Гэта крывадушнасць! Мы ўсе павінны паважаць адзін аднаго. Усе! У аснове гэтага дакумента ляжыць сардэчнасць", - дадаў Папа.

Касцёльныя рухі

Папа закрануў таксама тэму касцёльных рухаў і ўдзелу моладзі ў душпастырскай дзейнасці, напрыклад, у краінах трэцяга свету ці Лацінскай Амерыкі, дзе з людзьмі гавораць на зразумелай, "простай" мове.

"Існуюць таксама складаныя рэальнасці і рухі, якія з'яўляюцца даволі вытанчанымі", - сказаў Папа.

На яго думку, гэтыя рухі "імкнуцца ўтварыць маленькі касцёл ("эклезіёлу") з людзей, якія адчуваюць сваю перавагу. Гэта не святы і верны народ Божы. Народ Божы складаецца з вернікаў, якія ведаюць, што яны грэшнікі, і ідуць наперад. Я не маю нічога супраць рухаў, якія прыносяць шмат карысці", - патлумачыў Пантыфік, дадаючы, што калі касцёльныя рухі прыводзяць вас у сапраўдны Касцёл, гэта добра, але “калі яны селектыўныя, калі яны аддаляюць вас ад Касцёла, прымушаюць думаць, што вы – асаблівыя хрысціяне, гэта не па-хрысціянску".

Роля жанчын у Касцёле

Папа заахвоціў да большай прысутнасці жанчын у Касцёле. "Касцёл – гэта жанчына, нявеста. Пётр – не жанчына, не нявеста. Касцёл-нявеста важней, чым Пётр-служыцель!"- падкрэсліў Святы Айцец.

"Важна адкрыць магчымасці працы ў Курыі для жанчын", - сказаў Пантыфік, дадаючы, што жанчыны "дапамагаюць служэнню". Ён звярнуў увагу на маленькія вёскі, дзе няма святара, дзе манахіні кіруюць прыходамі, хрысцяць, удзяляюць Камунію і хаваюць. "Справа не ў служэнні жанчын, а ў прысутнасці", - сказаў Папа.

Будучыя прызначэнні жанчын у Курыю

Францішак нагадаў, што за апошнія гады ў Рымскую курыю было прызначана некалькі жанчын: сястра Рафаэла Петрыні, сястра Івон Рэнгот, Марыя Лія Дзэрвіна, сястра Алесандра Смерылі і іншыя.

“Іх будзе больш, таму што на пэўных пасадах яны спраўляюцца лепш, чым мы, мужчыны", - падзяліўся Папа.

Нарэшце, на пытанне, ці ўсведамляе ён, што гэтыя ініцыятывы нясуць "эпахальныя перамены", Папа адказаў: "Сапраўды! Мне пра гэта кажуць, так... Я іду наперад, раблю тое, што ў маіх сілах."

Вокладка часопіса "Credere"
Вокладка часопіса "Credere"
08 лютага 2024, 11:14