Пошук

Кардынал Матэа Дзупі Кардынал Матэа Дзупі  (Cristian Gennari)

Кардынал Дзупі: свет нібы стаміўся ад пакут Украіны

“Калі плёнам варожасці з’яўляецца нянавісць, тады плёнам салідарнасці ёсць мір”, - заўважыў кардынал Матэа Дзупі, старшыня епіскапату Італіі, якому Папа Францішак даручыў міратворчую місію ў сувязі з вайной ва Украіне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Іерарх здзейсніў візіт у Польшчу, дзе 5 лютага 2024 года прыняў удзел у канферэнцыі Масавы паток бежанцаў з Украіны ў выніку расійскай агрэсіі. Польская і літоўская мадэлі прыняцця, арганізаванай ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве.

Кардынал Дзупі прывёў некаторыя лічбы, што “дапамагаюць зразумець драму, якую перажываюць людзі з пачатку вайны ва Украіне”. Ён заўважыў, што кожная трэцяя сям’я была вымушана пакінуць свае дамы; шэсць мільёнаў чалавек знаходзяцца ў розных краінах Еўропы, каля аднаго мільёна – у Польшчы; колькасць бедных за апошнія два гады падвоілася.

“На жаль, цікавасць да Украіны аслабла, нібы свет стаміўся ад яе пакут”, - сказаў іерарх, заклікаючы пазбягаць спакусы прызвычаіцца або стаміцца ад вайны. Ён таксама нагадаў пра адказнасць хрысціян за выратаванне жыццяў. “Мы не можам прыняць той факт, што ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, якія складаюць большасць у кожнай вайне, разглядаюцца як пабочныя страты”, - сцвердзіў кардынал.

Старшыня італьянскага епіскапату заклікаў прыслухацца да парады Папы Францішка паглядзець у вочы ахвярам і параненым, зразумець іх асабістыя трагедыі і праяўляць суперажыванне. Гэта дапаможа глыбей усвядоміць, што вайна з’яўляецца “бессэнсоўнай бойняй”, як казаў Бэнэдыкт XV, - адзначыў кардынал Дзупі.

Гаворачы пра міратворчыя ініцыятывы Святога Пасаду іерарх прызнаўся, што няма нейкага канкрэтнага плана, але Папа заклікае дбаць пра стварэнне ўсіх магчымасцей для вырашэння канфлікту. “Трэба шукаць міру там, дзе ёсць цемра”, - сказаў ён, гаворачы пра важнасць захавання надзеі, якая “шукае ў змроку нават маленькую крыніцу святла, нават калі нам здаецца, што гэта нерэальная місія”.

Іерарх распавёў пра гатоўнасць Касцёла ў Італіі запрасіць на бліжэйшыя летнія канікулы тысячы дзяцей і падлеткаў з Украіны, якія будуць прыняты ў італьянскіх сем’ях.
 

06 лютага 2024, 12:11