Пошук

Аўдыенцыя для кіраўніцтва руху "Камунія і вызваленне". Архіўнае фота (15.01.2023) Аўдыенцыя для кіраўніцтва руху "Камунія і вызваленне". Архіўнае фота (15.01.2023) 

Святы Айцец: адзінства і паслухмянасць служаць дабру Касцёла

“Толькі паслухмянасць можа гарантаваць абнаўленне вашай прысутнасці ў свеце, дзеля дабра ўсяго Касцёла”, - падкрэсліў Папа ў лісце да старшыні руху Comunione e Liberazione (Камунія і вызваленне) Давідэ Проспэры.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак скіраваў свой зварот з нагоды 70-годдзя руху і чарговай гадавіны смерці яго заснавальніка, ксяндза Луіджы Джусані – вядомага італьянскага святара, тэолага, універсітэцкага выкладчыка, які адышоў у вечнасць 22 лютага 2005 года.

Святы Айцец прызнаўся, што ўдзячны Богу за жыццядайнасць гэтага каталіцкага аб’яднання, якая няспынна праяўляецца ў яго евангелізацыйнай дзейнасці і міласэрнасці да людзей нашага часу. Ён высока ацаніў, што рух прыняў яго заклік да пераадолення падзелаў і выкарыстання крызіснага моманту як “часу для абнаўлення і місійнага запалу”, скіраваны падчас аўдыенцыі 15 кастрычніка 2022 года. “Заклікаю вас працягваць ісці гэтым шляхам і ўхваляю працу, якую вы выканалі ў гэты перыяд”, - напісаў Папа.

Пантыфік заклікаў членаў руху Камунія і вызваленне працягваць умацоўваць адзінства, што дазволіць захаваць “плённасць харызмату, якім Святы Дух адарыў ксяндза Джусані”. Ён адзначыў важнасць выпраўлення “некаторых непаразуменняў”, падкрэсліваючы, што захаванне еднасці і вернасць харызмату патрабуе выйсця за межы “персаналістычных інтэрпрэтацый, якія, на жаль, усё яшчэ прысутнічаюць” і пагражаюць навязванню аднабаковага бачання місіі руху.

Францішак заклікаў ісці ўзятым шляхам пад кіраўніцтвам Касцёла і супрацоўнічаць з адкрытасцю і прыхільнасцю з пакліканымі кіраваць рухам. “Толькі гэта паслухмянасць, якая пастаянна нанова адкрываецца і ўмацоўваецца, можа гарантаваць вам усё больш багаты досвед хрысціянскага жыцця і абнаўленне вашай прысутнасці ў свеце, дзеля дабра ўсяго Касцёла”, - напісаў Папа напрыканцы свайго паслання.
 

02 лютага 2024, 11:03