Пошук

Пантыфік да семінарыстаў: цалкам даверцеся Пану

Паставіць Бога ў цэнтр, дазволіць Яму быць краевугольным каменем заахвоціў Папа дэлегацыю архідыяцэзіяльнай семінарыі Мадрыду, якую прыняў 3 лютага 2024 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Святы Айцец уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой адзначыў, што многія святыя іспанскія біскупы, сутыкаючыся з цяжкай рэальнасцю, у якой існаваў Касцёл, разважалі пра семінарыі як пра месцы, якія маглі бы ўкараніць і пашырыць іх пастырскія мары.

Папа нагадаў словы аднаго з гэтых біскупаў, святога Мануэля Гансалеса, які жадаў, каб Эўхарыстыя была ў семінарыі найбольш эфектыўным стымулам з педагагічнага пункту гледжання; першым настаўнікам і першым прадметам з навуковага пункту гледжання; самым пільным інспектарам з дысцыплінарнага пункту гледжання; жывой мадэллю з аскетычнага пункту гледжання; вялікім провідам з эканамічнага пункту гледжання; краевугольным каменем з пункту гледжання архітэктуры.

Паставіць Бога ў цэнтр – значыць дазволіць Яму быць фундаментам, праектам і архітэктарам, краевугольным каменем, што дасягаецца толькі глыбокай адарацыяй. Езус стане для нас педагогам, “цярплівым, строгім, мілым і цвёрдым, у залежнасці ад таго, што нам трэба, таму што Ён ведае нас лепш, чым мы самі, і чакае нас, заахвочвае і падтрымлівае нас на працягу ўсяго нашага шляху. Гэта наш самы вялікі стымул, таму што мы прысвяцілі сваё жыццё таму, каб ісці за Ім”, - нагадаў Папа.

Па словах святога Мануэля, Бог спалучае ў сабе настаўніка і прадмет у навуковай вобласці. Вялікі ўрок, які дае нам Пан – гэта чалавечнасць, і ў гэтым пытанні няма іншага прыкладу, акрамя Яго самога. Пра іншыя цноты і абставіны Езус распавядае з дапамогай прыпавесцяў, параўнанняў, смакоўніцы, насення, буры, але самы вялікі ўрок жыцця мы можам атрымаць толькі ад Таго, хто “ціхі і пакорны сэрцам”. (Мц 11, 29).

Што тычыцца дысцыпліны, то ранішняя Эўхарыстыя – самы пільны інспектар – прымушае нас задумацца аб марнасці нашых мірскіх ідэй, нашага жадання ўзвысіцца, здавацца, вылучацца, напісаў Францішак. Той, хто бязмерны, пытаецца: ці памірыўся ты з братам сваім? Ці апрануўся ў вясельную вопратку? Ці гатовы прыйсці на вяселле?

Наступны ключавы аспект, на які звярнуў увагу семінарыстаў Папа, – гэта аскетызм. Неабходна пайсці ў пустыню, каб Езус размаўляў з нашымі сэрцамі. Калі сэрца будзе напоўнена мірскімі рэчамі, Бог не знойдзе месца, і мы не пачуем Яго, калі Ён пагрукаецца ў нашы дзверы. Цішыня, малітва, пост, пакаянне, аскетызм неабходныя для таго, каб вызваліць нас ад ланцугоў, каб мы цалкам належалі Богу. І гэта тычыцца таксама працы, праектаў: хай Пан будзе вялікім провідам, хай Ён прапануе і рэалізуе, а вы проста выконвайце Яго загады з паслухмянасцю Духу, - заахвоціў Папа іспанскіх семінарыстаў.

03 лютага 2024, 11:35