Пошук

Пантыфік у Папяльцовую сераду: скінуць мірское, вярнуцца да сэрца

Давайце пазнаем сябе такімі, якія мы ёсць: прахам, які любіць Бог; і дзякуючы Яму адродзімся з попелу граху да новага жыцця ў Езусе Хрысце і ў Святым Духу, - заклікаў Папа ў Папяльцовую сераду.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 14 лютага 2024 года Пантыфік узначаліў святую Імшу на пачатак Вялікага посту, падчас якой адбыўся традыцыйны абрад пасыпання галоў попелам. Літургія прайшла ў рымскай дамініканскай базіліцы святой Сабіны на Авенцінскім пагорку. Ёй папярэднічала традыцыйная пешая пакаянная працэсія ад бэнэдыктынскай базілікі святога Анзэльма.

“Калі даеш міласціну, молішся, посціш – намагайся рабіць гэта патаемна: Айцец твой, насамрэч, бачыць патаемнае. Увайдзі ў патаемнае: гэта заклік, які Езус скіроўвае да кожнага з нас на пачатку шляху Вялікага посту”, - нагадаў у гаміліі Папа, падкрэсліваючы, што “ўвайсці ў патаемнае”, паводле прарока Ёэля, значыць “вярнуцца да сэрца”. “Гаворка ідзе пра тое, каб усё, чым жывём, у тым ліку нашы адносіны з Богам, не зводзіліся да вонкавага”, - сказаў ён.

“Вяртанне да сэрца азначае вяртанне да нашага сапраўднага “я” і яго прадстаўленне Богу такім, якім яно ёсць, аголеным і адкрытым. Гэта азначае зазірнуць углыб сябе і зразумець, хто мы на самой справе, скінуць маскі, якія часта носім, запаволіць тэмп нашай гонкі і прыняць праўду пра сябе. Жыццё – не гранне ролі і Вялікі пост запрашае нас пакінуць сцэну, на якой прадстаўлена выдумка, каб вярнуцца да сэрца, да праўды аб тым, хто мы ёсць”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец спаслаўся на сімвалізму абраду пасыпання галоў попелам, які нагадвае, што “мы – прах, нашае жыццё – як подых, але Пан – Ён і толькі Ён – не дазваляе яму знікнуць”. “Ён збірае і фарміруе пыл, якім з’яўляемся, каб яго не развеялі парывістыя вятры жыцця і не растварылі ў бездані смерці”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Мы – попел, у які Бог удыхнуў дыханне жыцця, зямля, якую Ён стварыў сваімі рукамі, пыл, з якога ўваскрэснем для бясконцага жыцця, спрадвеку падрыхтаванага для нас. І калі ў попеле, якім мы ёсць, гарыць агонь Божай любові, тады мы адкрываем, што напоўнены гэтай любоўю і пакліканы любіць: любіць братоў вакол нас, быць уважлівымі да іншых, жыць спагадай, праяўляць міласэрнасць, дзяліцца тым, чым мы ёсць і што маем, з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе. Таму міласціна, малітва і пост не могуць быць зведзены да знешніх практык – яны з’яўляюцца шляхамі, што вяртаюць нас да сэрца, да сутнасці хрысціянскага жыцця. Яны дазваляюць нам адкрыць, што мы з’яўляемся прахам, які любіць Бог, і робяць нас здольнымі распаўсюджваць такую ж любоў на “попел” шматлікіх штодзённых сітуацый, каб у іх адраджаліся надзея, давер і радасць”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў на працягу Вялікага посту пачуць заклік Пана, які не стамляецца паўтараць: “увайдзі ў патаемнае, вярніся да сэрца”. “Увойдзем у наш унутраны пакой: там жыве Пан, там наша ўразлівасць прынята і мы любімыя без усялякіх умоў”, - сказаў Папа.

“Вернемся, браты і сёстры. Вернемся да Бога ўсім сэрцам. У гэтыя тыдні Вялікага посту зробім месца для малітвы ціхай адарацыі, у якой будзем заставацца ўважлівымі да прысутнасці Пана, як Майсей, як Ілля, як Марыя, як Езус. Прыслухаемся сэрцам да Таго, хто ў цішыні хоча сказаць нам: “Я твой Бог: Бог міласэрнасці і спагады, Бог прабачэння і любові, Бог пяшчоты і клопату. [...] Не судзі сябе. Не асуджай сябе. Не адмаўляйся ад сябе. Дазволь Маёй любові дакрануцца да самых глыбокіх і схаваных куткоў твайго сэрца і адкрыць табе тваю прыгажосць, прыгажосць, якую ты страціў з поля зроку, але якая зноў стане бачнай табе ў святле Маёй міласэрнасці. Прыйдзі, прыйдзі, дазволь Мне выцерці твае слёзы і дазволь Маім вуснам наблізіцца да твайго вуха і сказаць табе: Я люблю цябе, Я люблю цябе, Я люблю цябе”, - працытаваў Пантыфік урывак з кнігі галандскага тэолага Генры Ноўэна Шлях да світанку.

“Не будзем баяцца скінуць з сябе мірскія шаты і вярнуцца да сэрца, да самага істотнага. Успомнім святога Францішка, які, распрануўшыся, усёй сваёй сутнасцю абняў Айца, які ў нябёсах. Давайце пазнаем сябе такімі, якія мы ёсць: прахам, які любіць Бог; і дзякуючы Яму адродзімся з попелу граху да новага жыцця ў Езусе Хрысце і ў Святым Духу”, - заклікаў на заканчэнне гаміліі Францішак.
 

14 лютага 2024, 18:09