Пошук

Папа да семінарыстаў: працуйце над эмацыйнай і чалавечай сталасцю

Мы не можам даваць гатовыя маналітныя адказы, але можам дэманстраваць ласку Божую з дапамогай блізкасці, бацькоўства, лагоднасці і тонкага мастацтва распазнавання, параіў семінарыстам Францішак.

Марыя Валодзіна - Vatican News

16 лютага 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане рэктара, супрацоўнікаў і семінарыстаў неапалітанскай Арцыбіскупскай семінарыі імя Алесіа Аскалезі з нагоды 90-й гадавіны яе адкрыцця.

Святы Айцец уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой падзякаваў семінарыстам за тое, што адгукнуліся на пакліканне Пана, за гатоўнасць служыць Яго Касцёлу. Ён заахвоціў навучэнцаў семінарыі кожны дзень з энтузіязмам і адданасцю развіваць прыгажосць вернасці, нагадаўшы, што адукацыя – гэта “пастаянная ўнутраная праца”, якая ніколі не сканчаецца, а доўжыцца бесперапынна ўсё жыццё. На думку Францішка, святарская адукацыя нагадвае будаўніцтва, будаўнічую пляцоўку.

Касцёл – гэта адкрытая будаўнічая пляцоўка, асноўная праца якой заключаецца ў тым, каб несці людзям прыгажосць Евангелля. Ад пастыраў у любой сітуацыі патрабуецца стыль распазнавання. “Мы не можам прапанаваць сённяшняй складанай рэальнасці маналітныя і гатовыя адказы, але мы павінны накіроўваць сваю энергію на тое, каб абвяшчаць аб тым істотным, чым з'яўляецца ласка Божая, і дэманстраваць яе з дапамогай блізкасці, бацькоўства, лагоднасці і тонкага мастацтва распазнавання”, - сказаў Святы Айцец.

Шлях святарскага навучання таксама з'яўляецца будаўнічай пляцоўкай, - адзначыў Францішак, заклікаючы семінарыстаў дазволіць Богу дзейнічаць у іх жыцці. Як на будаўнічай пляцоўцы, Святы Дух спачатку знясе тыя супярэчлівыя ўяўленні аб веры і служэнні, якія перашкаджаюць ім расці ў Евангеллі, а затым пабудуе новае жыццё ў стылі Езуса. Такім чынам, на будаўнічай пляцоўцы святарскай адукацыі семінарысты павінны культываваць унутранае жыццё, разважаць над Словам, паглыбляцца ў вывучэнне праблем нашага часу, тэалагічных і пастырскіх пытанняў, а таксама працаваць над эмацыйнай і чалавечай сталасцю. “Без гэтага нікуды не дзенешся!” - падкрэсліў Папа.

Нарэшце, структура семінарыі таксама нагадвае вялікую будаўнічую пляцоўку. Працэс навучання святароў мяняецца ў адпаведнасці з выклікамі, з якімі яны сутыкаюцца ў сваім служэнні і якія патрабуюць намаганняў, страсці і здаровай крэатыўнасці. Паступоваму ўключэнню ў будучае святарскае жыццё спрыяюць новыя магчымасці атрымаць пастырскі і місіянерскі досвед; індывідуальнай сталасці можа спрыяць магчымасць зрабіць перапынак у навучанні, - адзначыў Францішак.

Напрыканцы прамовы Пантыфік нагадаў гасцям пра пачатак Вялікага посту і пажадаў ім ісці па шляху пераўтварэння і абнаўлення, прапануючы свету адно з найвялікшых сведчанняў – братэрства.

16 лютага 2024, 11:47