Пошук

Папа школьнікам: ва ўсім шукаць праўду, не залежаць ад моды і лайкаў

Ва ўсім шукаць праўду, не дазваляючы сабе залежаць ад моды або агульнага ладу мыслення, ад лайкаў або падпісчыкаў у сацыяльных сетках, заклікаў Францішак італьянскіх школьнікаў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

3 лютага 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане вучняў і настаўнікаў міланскай каталіцкай школы Каледж Ратондзі, якая сёлета адзначае сваю 425-ю гадавіну. Школа была заснавана ў далёкім 1599 годзе канонікам Джавані Тэрдзагі, перажыла пераўтварэнні пры аўстрыйскім і савойскім урадах, а таксама дзве сусветныя вайны і выклікі пасляваеннага часу. На працягу чатырох стагоддзяў школа мянялася, застаючыся вернай сваёй місіі, падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заклікаў вучняў “актыўна ўдзельнічаць у школьнай дзейнасці, але заўсёды з адкрытым розумам да навізны”, ва ўсім шукаць праўду, не дазваляючы сабе залежаць ад моды або агульнага ладу мыслення, лайкаў або згоды падпісчыкаў у сацыяльных сетках: гэта не самыя важныя рэчы, наадварот, занадта вялікая залежнасць ад іх можа пазбавіць волі, - папярэдзіў Папа.

Езус вучыў, што праўда вызваляе нас (пар. Ян 8,32). Ён казаў гэта людзям, якія дрэнна ведалі Пісанне (пар. Мк 12, 24-27) і баяліся змяніць свае схемы. “Бачыце? Невуцтва спараджае страх, а страх спараджае нецярпімасць”, - адзначыў Пантыфік, заклікаючы моладзь вучыцца разам, у адной камандзе, сталець і весці дыялог з Богам, з настаўнікамі, з бацькамі і нават з тымі, хто думае інакш.

Францішак падзякаваў гасцям за намаганні, якія яны ўкладваюць у развіццё сваёй адукацыйнай супольнасці і заахвоціў працягваць у тым жа духу, абапіраючыся на старажытную спадчыну, якую яны атрымалі. “Я благаслаўляю вас усім сэрцам і прашу не забываць маліцца за мяне,” - завяршыў свой зварот Папа.

03 лютага 2024, 12:07