Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа: Касцёл недастаткова прыслухоўваўся да голасу жанчын

Касцёлу ёсць чаму павучыцца ў жанчын, напісаў Францішак у прадмове да кнігі "Дэмаскулінізаваць Касцёл" (Smaschilizzare la Chiesa).

Марыя Валодзіна - Vatican News

У выдавецтве Paoline выйшла ў свет кніга Дэмаскулінізаваць Касцёл, прысвечаная крытычнаму агляду прынцыпаў Ганса Урса фон Бальтазара. Выданне змяшчае разважанні трох тэолагаў: сястры Лінды Почар, Лючыі Ванціні і айца Лукі Кастыльёні.

Як напісаў Францішак у прадмове да кнігі, “прысутнасць і ўдзел жанчын у жыцці і развіцці касцёльных супольнасцей праз малітву, разважанні і дзеянні – гэта рэаліі, якія заўсёды ўзбагачалі Касцёл і, па сутнасці, складаюць яго ідэнтычнасць”. Аднак, асабліва падчас падрыхтоўкі і правядзення Сінода Біскупаў, прыйшло ўсведамленне таго, што да голасу жанчын прыслухоўваліся недастаткова і што Касцёлу ёсць чаму ў іх павучыцца, адзначыў Папа.

Каб зрабіць Касцёл менш маскулінным, дэмаскулінізаваць яго, неабходна прыслухоўвацца адзін да аднаго. “Касцёл – гэта супольнасць мужчын і жанчын, якія падзяляюць адну веру і адну годнасць хросту. Па-сапраўднаму прыслухоўваючыся да жанчын, мы, мужчыны, прыслухоўваемся да тых, хто бачыць рэальнасць з іншага пункту гледжання, і гэта прымушае нас пераглядаць нашы планы і прыярытэты. Часам гэта бянтэжыць. Часам тое, што мы чуем, настолькі новае і настолькі адрозніваецца ад нашага ладу мыслення і бачання, што гэта здаецца абсурдным, і мы палохаемся. Але такая разгубленасць карысная, яна прымушае нас расці”, - гаворыцца ў прадмове Святога Айца.

“Патрабуецца цярпенне, узаемапавага, уменне слухаць і адкрытасць, каб па-сапраўднаму вучыцца адзін у аднаго і рухацца наперад як адзіны Народ Божы”, адзначыў Францішак, дадаючы, што менавіта таму ён запрасіў тэолагаў прапанаваць Радзе кардыналаў разважанні аб прысутнасці і ролі жанчын у Касцёле. Адпраўной кропкай гэтага падарожжа стануць прынцыпы Ганса Урса фон Бальтазара, а “канчатковы пункт прызначэння знаходзіцца ў руках Бога”, які дапаможа знайсці шляхі ўключэння сучасных жанчын і мужчын у Касцёл і свет.

Дзякуючы гэтай публікацыі з разважаннямі трох тэолагаў змогуць пазнаёміцца тыя, хто жадае прыняць удзел у Сінадальным дыялогу і “паглыбіць тэму касцёльных адносін паміж мужчынамі і жанчынамі, якая вельмі блізкая майму сэрцу”, - напісаў Францішак.

“Гэта тое, чаго я жадаю на дадзеным этапе Сінадальнага працэсу: каб мы не стамляліся ісці разам, таму што толькі ў падарожжы мы становімся тымі, кім павінны быць – жывым целам Уваскрослага Пана, якое ідзе наперад, без страху сустракаючы братоў і сясцёр на вуліцах усяго свету. Няхай Марыя, Маці веры, суправаджае нас у гэтым падарожжы!” - пажадаў Пантыфік.

08 лютага 2024, 13:37