Пошук

Кніга "Слухаючы Бога і народ" Кніга "Слухаючы Бога і народ" 

Папа напісаў прадмову да зборніка гамілій аргенцінскага мучаніка

Папа напісаў прадмову да зборніка гамілій біскупа Энрыке Анхеля Анхэлелі, забітага ў часы дыктатуры ў Аргенціне ў 1976 годзе і абвешчанага благаслаўлёным у 2019 годзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кніга пад назвай Слухаючы Бога і народ (In ascolto di Dio e del popolo) выйшла 12 лютага 2024 года ў Ватыканскім выдавецтве. У ёй сабраны гаміліі аргенцінскага мучаніка за перыяд з 1968 па 1976 год.

У прадмове Пантыфік нагадаў, што “кожны мужчына, кожная жанчына, кожны вернік – усе мы з’яўляемся дарам ад Пана”: вельмі каштоўным і канкрэтным дарам для канкрэтных людзей. “Мы ўсе з’яўляемся дарам, аднак Касцёл прызнае ў святых людзей, якія з’яўляюцца дарам крыху большага, паўсюднага маштабу. Таму яны становяцца кананізаванымі, каб прыклад іх жыцця і іх сяброўства маглі дасягнуць усіх людзей, месцаў, кантэкстаў і часоў. Сапраўды, святыя настолькі падобныя да Езуса, што могуць быць надзейным арыенцірам для кожнага Божага дзіцяці”, - напісаў Папа.

Францішак заўважыў, што “благаслаўлёны мучанік Энрыке Анхэлелі, біскуп Ла-Рыёхі, быў і застаецца ў першую чаргу Божым дарам для Касцёла ў Аргенціне”: “нягледзячы на небяспеку і варожасць, якая нарастала з боку праціўнікаў, насуперак страху і пагрозам, ён спаўняў сваё пакліканне быць пастырам статку Касцёла”.

“Мучанік сведчыць пра тое, што, калі чалавек сэрцам і думкамі з Богам, тады ў ім нараджаецца шчырая любоў да ўсіх і адмаўленне ўсякага роду інструменталізацыі і пошуку лёгкіх шляхоў дзеля асабістай выгады і бестурботнага жыцця, калі на кон пастаўлены правы і жыцці найслабейшых і адчужаных”, - напісаў Папа, заўважаючы, што па гэтай прычыне гаміліі біскупа Анхэлелі могуць стаць крыніцай натхнення і дапамагчы паглядзець з пункту гледжання Евангелля на выклікі, з якімі кожны з нас пакліканы сутыкнуцца ў касцёльным, прафесійным і сямейным жыцці.

Святы Айцец заўважыў, што гаміліі біскупа Анхэлелі былі разлічаны на ўсіх і таму могуць быць зразумелыя ўсімі. У іх благаслаўлёны аргенцінскі іерарх спасылаецца на канкрэтныя абставіны грамадскага жыцця, каб паказаць, што Евангелле – гэта не ідэя, а вера – не забабоны. “Вера з Хрыста, насамрэч, гэта прыняцце адносін з Ім, якія змяняюць наша сэрца, розум і стаўленне да сябе і іншых людзей”, - нагадаў у сваёй прадмове Францішак.
 

12 лютага 2024, 09:13