Папа прыняў армянскіх епіскапаў і памаліўся за Арменію
Марыя Валодзіна – Vatican News
Святы Айцец з радасцю прывітаў гасцей у Рыме неўзабаве пасля юбілею святога Грыгорыя з Нарэка. Ён нагадаў аб тым, што епіскапы – пераемнікі апосталаў. У дзень пасвячэння яны “ўзялі на сябе абавязацельства ахоўваць веру, умацоўваць надзею і распаўсюджваць міласэрнасць Хрыста”.
Пантыфік нагадаў, што адзін з галоўных абавязкаў Сінода епіскапаў – абраць для Армянскай Каталіцкай Царквы заўтрашніх епіскапаў, адданых свайму статку. Ён перасцярог ад абрання тых, хто мае "дзелавы нюх", або тых, хто "заўсёды з валізай у руках", імкнецца перайсці ў больш "прэстыжную" дыяцэзію, прасунуцца па службе.
У свеце, поўным ізаляцыі і адзіноты, неабходна клапаціцца аб тым, каб людзі адчувалі блізкасць Добрага Пастыра, прыгажосць братэрства і ласку Божую. Армянскі народ мае патрэбу ў блізкасці сваіх епіскапаў. “Ведаю, што ён раскіданы па ўсім свеце, што на шырокіх тэрыторыях дыяспару цяжка наведваць. Але Царква – гэта любячая маці, якая не можа не шукаць усе магчымыя спосабы для таго, каб дасягнуць сваіх дзяцей і прапанаваць ім Божую любоў згодна з іх уласнай царкоўнай традыцыяй”, - адзначыў Францішак. Гэта не столькі пытанне структур, колькі пытанне пастырскай дабрачыннасці, лічыць Папа, нагадваючы пра важнасць яшчэ больш цеснага супрацоўніцтва з Армянскай Апостальскай Царквой.
Армянская Каталіцкая Царква невялікая па колькасці, але “Бог любіць рабіць цуды для тых, хто малы”, - нагадаў Папа. “У гэтым сэнсе, калі ласка, не пераставайце клапаціцца пра малых і бедных, станьце для іх прыкладам евангельскага жыцця, далёкага ад пышнасці багацця і фанабэрыстасці ўлады, вітаючы бежанцаў і падтрымліваючы дыяспару, як братоў і сясцёр, сыноў і дачок”, - заахвоціў Святы Айцец.
Папа параіў гасцям захоўваць парадак: добра рыхтаваць Сіноды, старанна вывучаць праблемы, ведаць і выконваць законы без фармалізму, быць празрыстымі, у тым ліку ў эканамічнай сферы. Пантыфік таксама нагадаў, пра неабходнасць клапаціцца аб пакліканнях. У нашым секулярызаваным свеце семінарысты і святары, асабліва маладыя, павінны адчуваць блізкасць сваіх епіскапаў, каб не ўпадаць у роспач з-за цяжкасцяў, а з радасцю служыць народу Божаму.
Напрыканцы прамовы думкі Святога Айца звярнуліся да Арменіі, асабліва да бежанцаў з Нагорнага Карабаха, шматлікіх перамешчаных сем'яў, якія шукаюць прытулку. “Столькі войнаў і столькі пакут! Першая Сусветная вайна павінна была стаць апошняй. Яна прывяла да ўтварэння Лігі Нацый, "папярэдніцы" ААН, у надзеі, што гэтага будзе дастаткова для захавання дару міру. Аднак з тых часоў мы сталі сведкамі столькіх канфліктаў і масавых забойстваў, заўсёды трагічных і бессэнсоўных”, - адзначыў Папа.
“Я малюся за вас і за Арменію, і прашу вас, калі ласка, маліцеся за мяне!” – прамова Францішка завяршылася малітвай святога Нерзэса “у чаканні таго дня, калі, з Божай дапамогай, мы зможам цэлебраваць ля аднаго алтара з нашымі братамі і сёстрамі з Армянскай Апостальскай Царквы”.